Старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР), экс-міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў Чырвоную кнігу рудыментам. Ён прапанаваў дазволіць паляваць на тыя віды, якія ў яе ўнесены. Hrodna.life спытаў паляўнічых і арганізатараў паляванняў, наколькі ідэя былога галоўнага міліцыянта краіны мае сэнс.

Што меў на ўвазе Шуневіч?

«Мне здаецца, што Чырвоная кніга на сённяшні дзень — гэта рудымент», — напісаў Шуневіч у «калонцы старшыні» ў газеце «Паляўнічы і рыбалоў». Пры гэтым ён прызнаў, што «гэта меркаванне ў сучасным „экалагічна прасунутым“ свеце можа быць непапулярным».

Шуневіч адзначыў, што Чырвоная кніга і ўсё што з ёй звязана — «гэта сацыяльна-экалагічны спосаб дублявання той працы, якая і так павінна рабіцца спецыяльна прызначанымі для гэтага дзяржаўнымі інстытутамі».

«Гэта ўсяго толькі пытанне рэгулявання колькасці жывёл. Калі мы кажам, што ёсць віды, папуляцыя якіх знаходзіцца ў прыгнечаным і пагрозлівым стане, то мы закрываем паляванне на іх. Прычым паляўнічыя тут не павінны выступаць „крайнімі“ — мы закрываем любую дзейнасць, якая пагражае існаванню гэтых відаў. Затым ажыццяўляем усе неабходныя мерапрыемствы, каб гэтую папуляцыю вывесці з-пад пагрозы», — адзначыў ён, тлумачачы сваю пазіцыю.

Зуброў, рысяў і мядзведзяў робіцца занадта шмат?

У якасці прыкладу ён прывёў зубра. «Мне шчыра незразумела, чым з пункту гледжання захаванасці папуляцыі зубр адрозніваецца ад мядзведзя або ад рысі? Папуляцыя зубра ў нашай краіне не знаходзіцца ў прыгнечаным стане. Больш за тое, многія мікрапапуляцыі гэтай жывёлы знаходзяцца ў тым стане, калі яны ўжо наносяць шкоду сельскай і лясной гаспадарцы, а часам і ўяўляюць пагрозу для чалавека. Паляваць на яго пры пэўных умовах можна, і тым не менш ён знаходзіцца ў спісах Чырвонай кнігі», — заўважыў кіраўнік БТПР.

рысь паляванне охота
Фота: Gustavo Leighton, unsplash.com

«А што ў нас з рыссю і мядзведзем? А вось што: мы назіраем стабільны і шматразовы рост колькасці гэтых звяроў. Дзе-нідзе яны ўжо даволі праблематычныя, але паляванне на іх забароненая па прычыне таго, што яны гэтак жа, як і зубр, знаходзяцца ў спісах гэтай кнігі. Калі тут ёсць нейкая логіка, то я яе не ўлоўліваю», — працягнуў Шуневіч.

У гэтым выпадку, лічыць кіраўнік БТПР, Чырвоная кніга выступае ў якасці «свайго роду „абцяжарвання“ дзяржаўных прыродаахоўных інструментаў, яна перашкаджае хуткаму прыняццю рашэнняў у дачыненні да тых ці іншых відаў жывёл».

Што думаюць паляўнічыя?

«Я палюю выключна дзеля таго, каб мая сям’я ела экалагічна чыстае мяса. Палюю на лася ці казла, зараз — на гуся. Зубр, рысь ці бусел мне непатрэбныя. Стопудова гэта будзе вельмі дорага і з’есці няма чаго» — дзеліцца з Hrodna.life меркаваннем паляўнічы Дзмітрый.

Андрэй займаецца паляваннем для здабычы трафеяў, але і ён не падзяляе аптымізму Шуневіча. «Чалавек я не бедны, на паляванне ў мяне зыходзіць адсоткаў 20 ад месячнага заробку. Нават ездзіў у Афрыку паляваць на антылопу. Але страляць бусла я не хачу і не стану. Як так? Страляць у сімвал краіны?! Тое ж з зубрам! Хай іх стала шмат, але мне гэта не цікава».

бусел паляванне охота аист
Фота: meriç tuna, unsplash.com

Высновы Сяргея блізкія да папярэдніх прамоўцаў. «Паляванне — не танны від хобі. Гэта зброя, „снарага“ [набоі і паляўнічыя зборы, т.зв. „пуцёўка“ на паляванне і зборы сябра БТПР — Hrodna.life], паліва для аўтамабіля, за дабытую жывёлу плацім і так нятанна. Я збіраю трафеі [рогі дабытых жывёлаў - Hrodna.life], мяса мяне не надта цікавіць. Але зубра ці рысь здабываць… Ну такое. Трэба будзе плаціць за „пуцёўку“ не сотні рублёў, а тысячы. Не для мяне і не для большасці беларускіх паляўнічых».

Чытайце таксама: «Хтосьці кагосьці заўсёды можа з’есці». Як гродзенец трымае дома экзатычных жывёл

Раней быў попыт на здабычу зуброў

Ці можа быць попыт на здабычу такіх відаў жывёлаў сярод замежнікаў? Hrodna.life звярнуўся да прыватных арганізатараў паляванняў.

Прадпрымальнік, які пажадаў застацца невядомым, распавёў:

«Я амаль 10 год працую з паляўнікамі, як з Беларусі, так і з-за мяжы. Усіх цікавіць лось, козлікі. Зараз замежнікі перасталі да нас ехаць, едуць толькі з Расіі, бо ў нас танней. Са сталымі кліентамі я на тыдні стэліўся, пагаварылі пра гэтыя прапановы Шуневіча. Нябедныя людзі думаюць, што гэта будзе дорага нават для іх», — кажа прадпрымальнік. Буслы і рысь іх таксама не цікавяць.

рысь паляванне охота
Фота: Dušan veverkolog, unsplash.com

Іншая прадпрымальніца сцвярджае, што раней быў попыт на здабычу зуброў. «Зубра можна было здабыць цалкам законна. Ліцэнзію на здабычу можна было купіць у Пушчы, але такое паляванне магло каштаваць ад некалькіх тысяч [еўра — Hrodna.life]. Палявалі на асобінаў, якія вельмі старыя ці хворыя. Ці паедуць зараз? Пытанне. Колькі гэта будзе каштаваць? Як вывезці мяса? Нічога невядома».

Чытайце таксама: Белорусский Маугли: как в пуще возле Гродно нашли мальчика-медведя

«Дагонім і перагонім Афрыку?»

«Няма слоў проста. Паляванне на буслоў і жураўлёў - вы сур’ёзна? Усё перабілі паляўнічыя? Не хапае дзічыны? Дагонім і перагонім Афрыку?» — абураецца на сваёй старонцы ў Facebook бёрдуочар Аляксандр Вінчэўскі.

бусел аист охота паляванне
Фота: Marek Piwnicki, unsplash.com

«Папуляцыю вялікай белай чаплі „проредили“, а іншым водна-балотным відам гэта не дапамагло? Цяпер давайце праверым з бусламі, лебедзямі і жураўлямі? А як яно не дапаможа, то каго прареджваць будуць?» — далучаецца бёрдуочар Дзмітрый Вінчэўскі."Няхай дазваляюць, але такое паляванне, як я думаю, нікому не трэба. Попытам карыстаюцца іншыя віды. Беларусы з большага палююць, каб здабыць «чыстае мяса» [мяса дзікіх жывёлаў - Hrodna.life]. Рускія — як калі: бывае трафей, бывае з-за мяса. Што есці з бусла? Косткі адныя! Зубра каштаваў - жорсткі. Рысь — дык толькі для пудзіла", — рэзюмуе адзін з арганізатараў палявання.