Закінутая воданапорная вежа ў Румлёўскім парку можа ператварыцца ў назіральную пляцоўку. Такую ідэю прапанаваў інвестар, але эколагі і краязнаўцы супраць. Яны лічаць, што гэта нашкодзіць лесапарку.
Сход па абмеркаванні праекта рэканструкцыі воданапорнай вежы прайшоў у Гродзенскім гарвыканкаме 19 лютага.
Воданапорная вежа ў Румлёўскага парку была пабудавана ў канцы 19 стагоддзя. У 2017 годзе закінуты будынак за 18,5 тыс. рублёў выкупіла гродзенская будаўнічая кампанія «БелБурСтрой». Паводле праекту ўнутранае памяшканне рэканструююць, а верхні паверх надбудуюць. Унутры з’явіцца маналітнае перакрыцце і лесвіца.
«Я здзіўлены, што такая маленькая будоўля выклікала рэзананс у Румлёва, — распавядае ўладальнік будынка, кіраўнік ТАА „БелБурБуд“ Эдуард Паплаўскі. — Тыя працы, якія мы прадугледжваем, гэта мінімальнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і тэрыторыю лесапарку. Я сам там часта шпацырую і мае прагулкі паслужылі куплі гэтага аб’екта. Хочацца прывесці вежу і ўчастак каля яе ў належны выгляд. Хочацца зрабіць з гэтага аб’екта не грамадскі туалет, а тое месца, якое б упрыгожыла Румлёва. Разыначку, куды б хадзілі гараджане».
Пад разыначкай уласнік мае на ўвазе назіральную пляцоўку. Таксама з вежы ён хоча зрабіць адміністрацыйны будынак, дзе зможа знаходзіцца адначасова як мінімум шэсць чалавек. Каб стварыць назіральную пляцоўку, паводле праекту над вежай надбудоўваецца лёгкая кансольная канструкцыя. Таксама каля аб’екта могуць з’явіцца стаянка і фотазоны. Для гэтага да вежы плануецца подводка інжынерных камунікацый. Менавіта гэта і абурыла эколагаў.
Адстойваць вежу пачаў краязнаўца і натураліст Віталь Гуменны.
«Трэба разумець, што вежа стаіць на ўзроўку, які мае рухомы грунт і пад ёй знаходзяцца дзве крыніцы. Пастаянная эксплуатацыя вежы і пастаяннае напружанне на аб’ект можа прывесці да руху схілу. Я назіраю за Фамічоўскім схілам ўжо 20 гадоў і ведаю пра што кажу. Пад вежай знаходзіцца акацыевы гай і выкарыстанне вежы можа знішчыць алею канца 18 стагоддзя».
Віталь Гуменны ў 2011 годзе стаяў ля асноў праекта рэканструкцыі Румлёўскага парку. Тады распрацоўкай праекта займалася праектная група з рознымі спецыялістамі, але ў выніку вежу вырашылі не чапаць.
«Мы разглядалі варыянт стварэння офісаў у вежы, але прыйшлі да сумеснага рашэння, што аб’ект не павінен ацяпляцца і людзей там быць не павінна. Таму што гэта прывядзе да парушэння прыродаахоўнага рэжыму. Паводле праекту рэканструкцыі лесапарку гэта было ўлічана. Тады 18 спецыялістаў працавалі над паркавай тэрыторыяй і мы знайшлі кампраміс паміж горадам і прыродаахоўнай тэрыторыяй», — сказаў Віталь Гуменны.
Начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Палякоў адзначыў, што лесапарк Румлёва — сур’ёзная зона ў горадзе і многія працы ў гэтым месцы абмежаваныя.
«Калі гэты ўчастак быў выстаўлены на аўкцыён, прыродаахова ўпісала ў акт, што тэрыторыя мае абмежаванні на ўсякую гаспадарчую дзейнасць. У нас у Гродне адзін помнік прыроды мясцовага значэння — гэта лесапарк Румлёва. Таму ўласнік быў папярэджаны, што аб’ект знаходзіцца ў ахоўнай зоне. Ніхто не супраць выкарыстання вежы і акультурвання, але калі нам кажуць пра выграбную яму і стаянку, а таксама ацяпленне і каналізацыю, то парушаецца прыродаахоўнае заканадаўства».
На сходзе намеснік старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Жук прапанаваў уласніку ўзяць паўзу і дапрацаваць праект з атрыманай інфармацыяй.
«Мы прыпыняем працэдуру грамадскіх абмеркаванняў для ўнясення змяненняў і дапаўненняў.
У гэты перыяд мы ў працоўным парадку сустрэнемся на тэрыторыі галоўнага архітэктара. Ніхто не хоча нанесці шкоду Румлёўскаму парку, усе мы любім яго. Я сам нарадзіўся ў Гродне і такія рэчы для мяне важныя і каштоўныя. Але ёсць імкненне і жаданне давесці да ладу вежу ў лесапарку і я разумею апасенні краязнаўцаў і эколагаў, таму мы павінны прадугледзець тыя пытанні, якія выключаць магчымую шкоду».
Віталь Гуменны напрыканцы адзначыў, што ён не вораг уласніку вежы. Грамадскасць трэба ўспрымаць як саюзнікаў, сказаў ён.
«Цяпер у нас ёсць магчымасць папрацаваць разам, паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Вежу трэба накрываць, але выкарыстанне ўнутранай прасторы праблематычна. Яе трэба выкарыстоўваць як турыстычны аб’ект, як адзін з аб’ектаў экалагічнай сцежкі. Можна паставіць дзверы, выкарыстоўваць іх як інфармацыйную табліцу. Як па мне, кансервацыя як гістарычны помнік гэта найлепшы варыянт. Паглядзім, магчыма, прыйдзецца шукаць які-небудзь кампраміс».
Вежу ў Румлёва прадалі Эдуарду Паплаўскаму пад адміністрацыйны будынак, але пад адмысловымі ўмовамі.
«Я прыйшоў у Румлёва не як камерсант, я не хачу зарабляць на аб’екце. Але мне хацелася б вежу прывесці ў парадак. Уявіце, як прыемна было б прыйсці ў парк і падняцца на назіральную пляцоўку,
праз вітражы атрымаць асалоду ад нашай багатай прыроды Нешта іншае там цяжка рэалізаваць або нельга, я гэта разумею. Але каб закрыць дзверы, зрабіць дах і не мець магчымасці падняцца — мне гэта не цікава».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…