Ян Матэйка, «Партрэт маладой жанчыны (Прынцэсса Бона Сфорца)»
Пра гэтую жанчыну, якая кіравала нашай дзяржавай 500 гадоў таму, у Гродне прыпамінае надзвычай шмат. І стражытны гадзіннік, і першы ў нашым горадзе шпіталь і самы галоўны сімвал горада — герб з аленем святога Губерта. Прыгажуня з незвычайнымі для італьянкі светлымі валасамі ў маладосці і суровая паўманашка ў вопратцы ўдавы ў сталым узросце — усё гэта каралева і вялікая княжна Бона Сфорца — маці апошняга караля з дынастыі Ягелонаў.
Адукацыя будучай каралевы была ўсебаковай і вытанчанай. Гісторыя, тэалогія, латынь, права, геаграфія, прыродазнаўства, філасофія, матэматыка — гэта далёка не поўны спіс навук, якія вывучала Бона Сфорца. Была яна знаёма і з Леанарда да Вінчы.
У 1518 годзе Бона стала жонкай аўдавеўшага караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І, якому ўжо было 51 год. Ёй у той час было 24. Праз год у Боны нарадзілася дачка. Жыгімонт быў вельмі расчараваны. Але неўзабаве каралева зноў зацяжарала, і 1 жніўня 1520 года нарадзіўся доўгачаканы каралевіч Жыгімонт ІІ Аўгуст, якому ў дадатак да дынастычнага Жыгімонт было дададзена імя першага рымскага імператара — Аўгуст.
Вядома, што каралева жыла пераважна ў Вільні і добра авалодала старабеларускай мовай. Дзякуючы яе падтрымцы, у 1529 годзе быў выдадзены Першы Статут ВКЛ, будаваліся школы, храмы, шпіталі, шматлікія гарады і мястэчкі атрымалі магдэбурскае права. Па яе загадзе была праведзена рэформа ў сельскай гаспадарцы — уведзена валочная памера, якая ўніфакавала падатковую сістэму. А арганізацыя фальваркавай гаспадаркі папоўніла дзяржаўную і яе асабістую казну.
У другой палове 1530-х гадоў Бона стала галоўнай кіраўніцай мытаў ВКЛ, такім чынам яна дала пачатак памежнай службе ў Беларусі. Яшчэ адной сферай, якую падтрымлівала каралева было вінаградарства. На Гродзеншчыне, Давыд-Гарадокскіх, Клецкіх і Пінскіх землях вырошчвалі вінаград для вінаробства.
Набыўшы ў Юрыя Радзівіла Гродзенскае староства, Бона Сфорца праводзіла на гэтых землях свае рэформы. Італьянская раскоша і эстэтыка суправаджалі ўсе пераўтварэнні Боны. Новая каралева прывезла з сабой шматлікую світу італьянскіх майстроў і кухараў. На сталах магнатаў з’явіліся невядомыя раней тут гародніна і садавіна. Гэта салата і памідоры, памяранцы і цытрына, інжыр і аліўкі, разынкі і міндаль. Яна ж устанавіла звычай есці відэльцам.
У Гродне па яе загадзе забрукавалі вуліцы і гандлёвую плошчу, горад атрымаў вадаправод і дзве гарадскія пячаткі: асобную гандлёвую і ўрадавую з выявай аленя святога Губерта. З часоў Боны паходзіць першая згадка пра знакаміты гарадскі ратушны гадзіннік, для абслугоўвання якога ў 1541 годзе Бона загадала ўзяць на службу спецыяльнага майстра. І вось ужо пяць стагоддзяў цудоўны механізм не толькі спраўна адлічвае час на вежы касцёла святога Францішка Ксаверыя, але і з’яўляецца сімвалам горада. Бона Сфорца фундавала грошы і на Фару Вітаўта, падтрымлівала яе пробашча ксяндза Адама Піліхоўскага.
Адной з самых важных, а можа і самай важнай, была праведзеная Бонай Сфорцай рэформа каралеўскіх маёнткаў. Пераадольваючы супраціў магнатаў, яна вярнула ў каралеўскае і вялікакняскае валоданне раздадзеныя яе мужам і яго братам маёнткі і перарабляла іх на свой лад, ствараючы так званыя фальваркі.
Фальварак — гэта такая сістэма гаспадарання, калі сяляне адпрацоўваюць сваё права карыстання зямлёй ходзячы на паншчыну — значыць працуюць на зямлі, збожжа з якой адразу ідзе на продаж. Гэта было здорава для тагачаснага скарбу — збожжа пераўтваралася ў срэбра, але на перспектыву тое на стагоддзі замарозіла развіццё беларускай вёскі і ўзмацніла прыгон.
Нягледзячы на ўсе прагрэсіўныя пераўтварэнні, што рабіла каралева Бона для дзяржавы, яе не вельмі любілі на новай радзіме. Шматлікім магнатам і шляхце не падабалася, што яна імкнулася перанесці на землі каралеўства і княства італьянскую мадэль кіравання дзяржавай. У дадатак да ўсяго, у звычку ўвайшоў выкуп магнацкіх уладанняў, раздача пасадаў і земляў, асабліва набліжаным.
Яе называлі жахлівай і амбіцыйнай і абвінавачвалі ў атручванні мазавецкай княжны Ганны Радзівіл і сваёй нявесткі Барбары Радзівіл. Праўда, большасць сучасных даследчыкаў сходзяцца на думцы, што Бона Сфорца не труціла сваю нявестку, а прычынай смерці Барбары сталі ці анкалагічнае захворванне, ці сіфіліс.
Пасля смерці Барбары Бона Сфорца страціла давер і любоў свайго сына. Каралева-ўдава адмовілася ад усіх сваіх уладанняў і Жыгімонт ІІ Аўгуст дазволіў ёй выехаць у Італію ў горад Бары.
З сабой яна ўзяла 24 фурманкі са срэбрам, золатам і каштоўнасцямі: мэбляй, дыванамі, фарфорам і начыннем, забраным з палацаў, якімі некалі валодала. Багацце, якое за гады свайго праўлення набыла Бона, было велізарным.
Тут так і хочацца ўсклікнуць — сядзела б удовая каралева ў Кракаве — то пражыла б яшчэ невядома колькі. Здаецца, усё ж такі атрутай не злоўжывалі. Ды і ўплываў ёй хапала. Аднак відавочна, што галоўным яе расчараваннем стаў акурат выпеставаны любімы сын. Яму і блізка не дасталося палітычных і гаспадарчых талентаў сваёй маці. Можа толькі амбіцыі мелі адпаведны маштаб. Жыгімонт Аўгуст больш думаў пра праводжанне часу з жанчынамі, а сабраныя маці вялізарныя валоданні раздаваў шляхце ды магнатам.
Адзінае, чаго дамогся сын — дык гэта выцягнуў з Габсбургаў пазычаныя ў яго маці грошы. Праўда, аддавалі іх не золатам, а выдабытым у гарах Балівіі срэбрам, якое галеонамі везлі праз Атлантыку. Тое былі вялікія сярэбраныя манеты, на якіх у Польшчы ды Вялікім княстве выбівалі дадаткова год 1564.
Так вывезенае каралевай багацце ізноў вярнулася на нашыя землі - не золатам, дык срэбрам.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…