Дзяўчына з Палесся зрабіла беларускія паліцы ў варшаўскіх бібліятэках, дала інтэрв'ю Vogue Polska і паспрыяла інтэграцыі беларусаў і палякаў. Аляксандра расказала журналісту Hrodna.life, як яе ініцыятыву «Zhyveteka» ўспрынялі варшавякі і беларусы Варшавы.
«Дамовіцца з кіраўніцтвам было не цяжка»
Паводле адукацыі Аляксандра — бібліятэкарка, некалькі год працавала ў бібліятэцы ў Беларусі. «Я добра разумею гэтую працу знутры і звонку, таму мне было важна, каб беларускія кнігі былі ў вольным доступе і за мяжой», — кажа суразмоўца.
Ідэя зрабіць беларускую паліцу кніг у яе з’явілася адразу пасля пераезду ў Польшчу, у 2021 годзе. Пасля настаў 2022 год, вайна ва Украіне і салідарнасць украінцаў. У бібліятэцы на вуліцы Marszałkowska 55/73 з’явілася ўкраінская паліца з кнігамі. «І тады я падумала: а чым мы горшыя? Я была наведвальніцай гэтай бібліятэкі, супрацоўнікі мяне ведалі. Палякі разумеюць сітуацыю ў Беларусі. Таму дамовіцца пра стварэнне беларускай паліцы з кіраўніцтвам установы было не цяжка».
Беларуская паліца з кнігамі на той момант ужо была ў Беларускім доме. Але ён знаходзіцца на ўскраіне, а гэтая бібліятэка — у цэнтры, што зручней для наведвальнікаў.


Адкуль узяліся беларускія кнігі ў Варшаве?
Пачалося ўсё з публікацыі на Facebook, дзе Аляксандра заклікала сабраць кнігі. Галоўны крытэр — кнігі беларускіх аўтараў/к і кнігі на беларускай мове. Беларусы адгукнуліся і прынеслі ўласныя асобнікі. Таксама Аляксандра адкрыла рахунак, на які людзі данацілі грошы на набыццё. Да ініцыятывы далучыліся беларускія выдавецтвы, якія дасылалі кнігі. А ў канцы 2023 года бібліятэка дала на развіццё ініцыятывы 2000 злотых.
Сучасных кніг у фондзе больш, чым класічных. «Так сталася, што класічную літаратуру прынеслі людзі, а сучасная — гэта збольшага тая, якая выдаецца на беларускай мове ўжо па-за межамі Беларусі. Таму такія кнігі прасцей набыць», — кажа Аляксандра. Зараз фонд налічвае больш за 200 беларускіх кніг.


«Так у траўні 2022 года з’явілася беларуская паліца з кнігамі, якую я назвала Zhyveteka, што азначае скарачэнні ад «Жыве Беларусь» і «бібліятэка», — тлумачыць дзяўчына.
Чытайце таксама: 6 кніг, якія трэба прачытаць для разумення Беларусі
Больш за 70 кніг — у апрацоўцы
Не ўсе ахвяраваныя кнігі даступныя. Прычына ў вельмі марудным працэсе апрацоўкі новых кніг ад донараў. Бывае, што працэс дакументавання і прызнання кнігі вартай далучэння да бібліятэчнага фонду займае ад некалькі месяцаў да некалькіх гадоў! Напрыклад, з 2022 года дагэтуль неапрацаваны больш за 70 кніг.
Аляксандра кажа, што на 30 варшаўскіх бібліятэк ёсць толькі дзве такія супрацоўніцы. Зараз чакаюць апрацоўку збораў твораў Святланы Алексіевіч.



Дзе яшчэ ёсць беларускія палічкі?
Дзякуючы Аляксандры беларуская паліца таксама паўстала ў іншым месцы — у бібліятэцы Poliglotka ў раёне Wola (Warszawa, Nowolipki 21). Яна спецыялізуецца на кнігах замежных моў. Беларускія кнігі там таксама стаяць. «Лічу гэта важным інтэграцыйным крокам, паказаць, што мы ёсць, у нас ёсць свая, уласная мова, культура, літаратура і нават лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па ёй», — кажа Аляксандра.
Увага блогераў і «падарунак» пад Новы год
Аляксандра баялася, што гэта не будзе нікому патрэбна. А як высветлілася, беларусам гэта цікава. У Instagram праекта — 1000 падпісчыкаў. «Нават калі чалавек прыйдзе і возьме кнігу адзін раз — гэта ўжо добра. Мне пісалі нашы беларускія блогеры, пыталіся, ці ёсць там кнігі, якія іх цікавяць. Некаторыя рабілі рэкламу ў сваіх сацсетках».
Праўда, даць падрабязную статыстыку папулярнасці беларускіх палічак немагчыма. Колькасць карыстальнікаў бачаць толькі супрацоўнікі бібліятэкі, якія вядуць улік. Гэтай інфармацыяй яны не дзеляцца.

«У канцы 2024 года я атрымала „падарунак“ у выглядзе прызнання майго праекта ў Instagram экстрэмісцкім. Гэта, канешне, дэстабілізуе. Думаю, што людзі, якія прымаюць такія рашэнні, не ходзяць у бібліятэкі ці галерэі, — падсумоўвае Аляксандра і дадае. — Здавалася б, праект накіраваны на беларусаў замежжа, але, калі я напісала, што Instagram праекта трапіў у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, ад яго адпісалася каля ста чалавек».
А ў снежні 2024 года Аляксандру паклікалі прыняць удзел у падкасце для Vogue Polska «Wspólna kuchnia». «Пані Арына кажа мне: «Распавядзі пра вашу традыцыю святкавання Дзядоў, бо ў палякаў няма такога свята, мне ўвогуле падаецца, што Міцкевіч — беларус», — перадае жарт Аляксандра.
Кнігі як сродак інтэграцыі
Праект мае сацыяльную і інтэграцыйную функцыю, лічыць Аляксандра. «Людзі разам з беларускімі кнігамі бяруць таксама і польскія. Шмат палякаў мае беларускія карані і ім цікава беларуская культура. На дзень нараджэння праекта, які быў тут жа, прыходзіла полька. Яе бацька быў народжаны ў Заходняй Беларусі, але яна не памятала дакладна, дзе. Безумоўна, яе родная мова — польская. Але яна сказала, што мы размаўляем, як яе бацька калісьці. Выпадкі, калі палякі расказваюць падобныя гісторыі, мне сустракаюцца нярэдка», — распавядае Аляксандра.
Так збываецца жаданне Аляксандры — каб людзі памяталі і ведалі сябе, свае карані і сваю гісторыю.


Чытайце таксама: 15 кніг, якія фармуюць брэнд Гродна: версіі прыватных і дзяржаўных кнігарняў