Разам з трыма гродзенскімі кнігарнямі мы склалі спіс кніг, якія варта прачытаць (у некаторых выпадках – праглядзець) кожнаму гродзенцу. Яны таксама могуць стаць добрымі падарункамі і знаёміць з горадам гасцей. Ёсць як сур’ёзныя гістарычныя працы, так і маляўнічыя фотаальбомы.
Этнакрама “Цудоўня”
1. “Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада”
Аўтары: Алесь Госцеў, Аляксандр Дабрыян, Віталь Карнялюк, Святлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед
Добра ілюстраваны даведнік па Гродне, напісаны ў выглядзе падручніка. Кніга складаецца з параграфаў, пасля якіх ідуць пытанні і заданні. Пасля выхаду кнігі да аўтараў з’явіліся прэтэнзіі з боку дзяржаўных службаў: чаму кніга заканчаецца на 90-х гадах, чаму няма параграфа пра сучаснасць, чаму там толькі бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня? Некаторых выкладчыкаў у выніку звольнілі з універсітэту. А кніга істотна вырасла ў цане і стала рэдкасцю.

2. “Нараджэнне беларускай Гародні”
Аўтар: Андрэй Чарнякевіч
Гаворка ў кнізе ідзе пра паўстанне беларускай свядомасці як з’явы нацыянальнага маштабу. Тут выдатна адлюстроўваецца атмасфера часу, у якой існавалі беларускія актывісты – моцны ціск знешніх сілаў у выглядзе бальшавікоў і палякаў, тонкая гульня дзеля ўмацавання пазіцый з літоўцамі і ўкраінцамі.

3. “Рыцары і дойліды Гародні”
Аўтар: Алесь Краўцэвіч
Кніга складаецца з трох навэлаў гісторыка Алеся Краўцэвіча, прысвечаных археалагічным даследванням сярэднявечнай Гродзеншчыны, гродзенскаму Старому Замку, вялікаму князю Вітаўту, які сваю кар’еру пачынаў у нашым горадзе. Гэта першая падобнага кшталту кніга прысвечаная Гродна.

4. “Гародня Х-ХХ ст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам”
Аўтары: Пшэмыслаў Баравік, Юры Гардзееў, Аляксандр Ерашэвіч, Аляксандр Краўцэвіч, Ян Ежы Мілеўскі, Андрэй Павач, Аляксандр Радзюк, Вольга Сабалеўская, Віктар Саяпін, Аляксандр Смалянчук, Вячаслаў Швед
Адзінаццаць гісторыкаў з Беларусі і Польшчы ажыццявілі першае ў гісторыі сумеснае беларуска-польскае даследаванне мінуўшчыны горада на сумежжы цывілізацый. Аўтары паставілі перад сабой мэту не толькі паказаць уласнае разуменне падзеяў, але і ўзаемна ўшанаваць польскі і беларускі ўнёсак у развіццё Гродна. Адначасова належная ўвага ў кнізе нададзена габрэйскай суполцы, якая была значным дэмаграфічна-эканамічным чыннікам горада ад сярэднявечча да ХХ ст. Кніга складаецца з арыгінальных тэкстаў, створаных адмыслова для гэтай кнігі і ўкладзеных у чатыры раздзелы: “Х – XV стст. Горад рыцараў, дойлідаў і гандляроў”; “XV – XVIIIстст. Каралеўскі горад пад Магдэбургскім правам”; “Канец XVIII – пачатак ХХ ст. Горад супраць Імперыі”; “ХХ стагоддзе. Змаганне за горад”.

5. Кнігі Віктара Саяпіна
Апошняя кнігу, якую выдаў аўтар – “Гродна i гродзенцы 1944-74”. Кнігі гродзенскага краязнаўцы раяць шмат у якіх кнігарнях, але іх цяжка набыць, бо заканчваюцца раней надрукаваныя наклады. Дарэчы, кнігі Віктара Саяпіна могуць стаць даступнымі і для людзей са слабым зрокам.

Кнігарня “Прометей”
1. Фотаальбомы “Гродненская земля с высоты птичьего полета” і “Гродно”
Аўтар: Аляксандр Ласмінскі
У першым выданні чытачам з вышыні птушытага палёту адкрыцца прыгажосць нашага цудоўнага вугалка Беларусі: яго дзівосная прырода, велічныя помнікі архітэктуры, сучасныя гарады і вёскі. Другое выданне прадстаўлена на чатырох мовах: беларускай, рускай, польскай, англійскай. Аўтар вядзе чытачоў па сучасным горадзе, знаёміць са славутасцямі і гісторыяй горада.

2. “Гродна. На заходняй мяжы Айчыны”
Аўтар: Навум Гальпяровіч, Наталля Ваніна
Кніга з серыі “Гарады Беларусі” пра Гродна – горад, у якім гарманічна спалучаюцца гістарычная і сучасная часткі, пра людзей, якія ўславілі не толькі Гродзеншчыну, але і ўсю нашу краіну.

3. “Гродно – город королей”
Аўтар: Людміла Кебіч
Аматарам гісторыі і падарожжаў кніга дае магчымасць здзейсніць перамяшчэнне ў часе, раскрыць невядомыя старонкі гісторыі Гродна, адчуць дыханне мінулых стагоддзяў і рытм сённяшніх дзён.

4. “Гродно: книга в подарок“
Аўтар: Ілля Мельнікаў
Кніга перанясе ў атмасферу старажытнага горада, дзе гарманічна перапляліся мінулае і сучаснае, гісторыя і сучаснасць. Кніга адрасавана як гродзенцам, так і гасцям горада, а таксама ўсім, хто цікавіцца асаблівасцямі і лёсам роднага краю.

5. “Нараджэнне беларускай Гародні”
Аўтар: Андрэй Чарнякевіч
Кніга сучаснага беларускага даследчыка Андрэя Чарнякевіча распавядае пра фармаване ў Гродне аднаго з галоўных цэнтраў беларускага нацыянальнага руху ў першай палове ХХ стагоддзя. На падставе малавядомых архіўных і друкаваных крыніц аўтар стварае шырокую панараму сацыяльна-палітычнага жыцця даваеннага горада, апісвае яго беларускае аблічча на фоне бурлівых падзей, звязаных са шматлікімі зменамі ўлады і ўсталяваннем новых парадкаў. Кніга адрасаваная ўсім, хто цікавіцца гісторыяй беларускага нацыянальнага руху, а таксама мінулым Гродна і рэгіёну.

6. “Под крылом Коложи”
Аўтар: Андрэй Павач
У выданні аўтар паказвае гісторыю Гродна праз гісторыю аднаго помніка – Каложы. Таму гісторыя горада прадстаўлена ад 1180-х, калі паўстала царква, да самага канца савецкага перыяду, калі яе вярнулі вернікам. Андрэй Павач лічыць, што паміж лёсамі царквы і ўсяго горада існуе нейкая містычная сувязь.
Кнігарня “Раніца”
1.“Нараджэнне беларускай Гародні”
Аўтар: Андрэй Чарнякевіч
2. “Канфесійная гісторыя Беларусі”
Аўтар: Эдмунд Ярмусік
У дапаможніку разглядаюцца важнейшыя этапы і падзеі канфесійнай гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да сучаснасці. Аналізуецца дзейнасць на беларускіх землях важнейшых канфесій: праваслаўя, каталіцызму, пратэстантызму, мусульманства, іўдаізму. Раскрываецца іх роля ў гістарычным, грамадска-палітычным, сацыякультурным развіцці грамадства.

3. “Известные уроженцы Гродненской области”
Аўтар: Алесь Госцеў
Кніга змяшчае разгорнутыя біяграфіі вядомых навукоўцаў, медыкаў, педагогаў, пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, рэлігійных дзеячаў, якія нарадзіліся на Гродзеншчыне. У дадатках падаецца старажытная гісторыя Прынёмання.

4. “Гродно. Градостроительное наследие Беларуси”
Аўтар: Юры Кішык
Кніга расказвае пра архітэктурна-мастацкія каштоўнасці структуры Гродна, якія склаліся гістарычна. У ёй асвятляецца працэс фарміравання плана і сілуэту горада, сістэмы архітэктурных дамінант і шэраговай забудовы, а таксама кампазіцыйна-прасторавых сувязяў, якія іх аб’ядноўваюць.



