Спадчына

Успамінаем пераможцаў «Басовішча» з Гродна: хто яны і як склаўся іх лёс

Некалі перамога на «Басовішчы» амаль гарантавала маладому гурту скок у першую лігу беларускага року. Старажылы фестывалю ўзгадваюць, як рускамоўныя музыканты перакладалі тэксты на беларускую, каб трапіць на конкурс. Нічога дзіўнага, бо ў 2000-х гэта было ці не адзінай магчымасцю запісаць альбом.

Конкурсную частку ўвялі ў 1992 і закрылі ў 2009 годзе. Арганізатары тады тлумачылі, што пераможцы апошніх гадоў так і не даказалі сваю вартасць. У 2015 конкурс вярнуўся. У 2019 фестываль абвясціў пра свой канец.

Цягам 30 гадоў гісторыі фестывалю на конкурсе перамагалі і музыкі з Гродна. Глядзім, што з імі стала.

Віктар Шалкевіч (1992)

Віктар Шалкевіч. Канцэрт да 60-годдзя
Знакаміты бард стаў пераможцаў першага конкурсу маладых выканаўцаў. На дваццатым фестывалі, у 2009 годзе, ён быў вядоўцам. Але ўжо тады крытыкаваў «Басовішча» — маўляў, не туды ідзе. Таму і да смерці фестывалю адносіцца са зразуменнем: маўляў, «няма таго, што раньш было».

Віктар паходзіць з мястэчка Поразава Гродзенскай вобласці. Пасля тэатральна-мастацкага інстытуту ў Мінску працаваў выкладчыкам у Гродзенскай культасветвучэльні, у Гродзенскім абласным драматычным тэатры. З 1990 па 2016 год працаваў у Тэатры лялек у Гродне, адкуль сыйшоў па прычыне канфлікта з ідэолагамі. Выступае ў тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску, жыве на два гарады. Акрамя музыкі знакаміты яшчэ як вядоўца аўкцыёнаў.

Бард дагэтуль дае канцэрты ў Беларусі, Літве, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Чэхіі. Яго канцэрты — гэта заўсёды тэатр аднаго актора, бо Віктар Шалкевіч размаўляе з залай, расказвае шмат гісторый, якія лагічна ўплятаюцца ў яго выступ.

Сёлета артыст адзначыў юбілей — 60 гадоў. Да гэтай падзеі выйшаў першы за 15 гадоў альбом Віктара.

У свой час гурт «Айша» падаваў агромністыя надзеі. Ён быў створаны з музыкаў некалькіх гродзенскіх гуртоў. «Калісьці вакалістка гурта Вікторыя вучылася ў каледжы мастацтваў і зацікавілася маёй паэзіяй, — кажа паэт Юры Гумянюк. — Так і паўстаў гэты музычны праект». У 1996 годзе «Айша» здабыла лаўрэацтва на фэсце «Басовішча», даволі актыўна канцэртавала, а іх песня «Ёкагама» некалькі тыдняў знаходзілася ў лідэрах хіт-параду «Радыё Рокс». У планах быў запіс альбому на вершы Гумянюка, і асобны праект на вершы Дануты Бічэль-Загнетавай (адна з песень «З вераю» брала ўдзел у Тузіне Гітоў). Але ўсе планы перапыніліся — канцэртаў не было, у студыі гурт таксама працаваў мала. У 2006 годзе гурт фактычна перастаў існаваць. «Мяркую, што калі б яны вызначыліся дакладна са сваёй канцэпцыяй — у іх бы ўсё атрымалася», — кажа Юрый Гумянюк.

КальЯн (1998)

Фота: vk.com/club22870781
Гурт створаны ў верасні 1996 году. Некалькі разоў склады змяняліся, на нейкі час гурт пераставаў існаваць. Музыканты выпусцілі чатыры альбомы: «У краіне цудаў» (1997), «Б.Н.» (1999), «Ноўбадзі» (2001), «Голая правда» (2005), «Антыпазітыў» (2011). У 2011 годзе гурт канчаткова перастаў існаваць.

Калі меў бы існаваць нейкі менавіта нацыянальны беларускі панк, то ён мусіў бы гучаць як «КальЯн» — гэта без варыянтаў. Эксперты так і казалі, што ў стылі гурта змешваецца панк, фолк і ска. Менавіта таму «КальЯн» быў больш меладычным за іншыя панк-гурты з Гродна другой паловы 90-х. Удзельнікі гурта падзялялі ідэі анархізму і спявалі пра сацыяльныя і грамадскія праблемы.


Беларускі Вудсток. Як закрываўся фестываль «Басовішча»


Падобным складам музыканты заснавалі фолк-рокавыя гурты «Людзі на балоце» і «Dzieciuki». Першы праіснаваў нядоўга. А «Dzieciuki» дагэтуль ездзяць на «Басовішча», даюць канцэрты (калі ўлады дазваляюць) і рыхтуюцца сёлета восенню выкласці новы альбом «Радыё «Harodnia», з якім ужо з’ездзілі ў тур.

Deviation (1999)

Фота: 34mag.net
Гэта панк-рок-гурт, які заснавалі ў 1993 годзе ў Вялікай Бераставіцы браты Стас і Анджэй Пачобуты. У песнях крытыкуецца фашызм, таталітарызм, праваахоўныя органы, беларуская сістэма і ў прыватнасці кіраўнік дзяржавы.

Ужо пасля першага канцэрта музыканты атрымалі па 15 сутак за песню з крытыкай міліцыі. Хутка музыканты пераехалі ў Гродна. Яны выступалі на фестывалях, кватэрніках, у тым ліку за мяжой. Іх канцэрты часта не дазвалялі або разганялі.

Гісторыя гурта багата на змены складу, несанкцыяваныя акцыі, збіццё міліцыянтамі да патрэбы ў аперацыі, змаганне, лозунгі. Гурт выпусціў альбомы «Lukaschenko… Uber Alles», «Х*й вам, или тотaлитaризм не прoйдeт», «GueRRiLLa UrbanA». Апошні альбом «Чарговы дзень пад акупацыяй» выйшаў у 2009 годзе. Гурт прыпыніў дзейнасць, калі лідар Стас Пачобут пераехаў у Піцер у пачатку 2010-х. Яго брат Анджэй яшчэ раней развітаўся з панк-рокам. Зараз ён вядомы сваёй журналісцкай і грамадскай дзейнасцю.

Стас Пачобут выпусціў сольныя «Акустыку» ў 2011 годзе і «ТуняяДЗец» у 2015. Зараз музыкант дае рэдкія канцэрты. Тым каштоўнейшымі робяцца старыя відэазапісы і фотаздымкі, зробленыя ў 90-х.

У 2018 годзе выйшаў трыб’ют Deviation. Трыб’ют рыхтаваўся чатыры гады. У ім прынялі ўдзел 14 калектываў з Беларусі, Расіі і Украіны. Песні гродзенскіх анарха-панкаў пераасэнсаваныя ў розных жанрах — панк, хардкор, хіп-хоп і шансон, але захоўваюць эстэтыку 90-х. «Прыемна, што песні жывуць сваім жыццём, сумна, што не згубілі актуальнасці», — казаў пра трыб’ют Стас Пачобут, лідар Deviation.

TLUSTA LUSTA (2008)

Фота: vk.com/tlustalusta
Панк-рок з Гродна. Іх выступ высока ацаніў лідар гурта Ulis Слава Корань, які тады акурат быў у журы. Музыкі выпусцілі два альбомы — Blin Pieršy (2008) і Pieranačuješ — bolš pačuješ (2013). Пры тым дэбютнік хлопцы запісалі і выдалі самі, проста не дачакаўшыся запрашэння на запіс у Беласток, які яны выйгралі на «Басах»!

У год выпуску другога альбому лідар Кірыла Богуш казаў, што музыканты пакуль займаюцца іншымі праектамі, таму з канцэртамі цяжка. Тым не менш, гурт час ад часу ўдзельнічае ў мясцовых і не толькі фестывалях. Бываюць і «абломы» для фанатаў: Tłusta Łusta мелі граць на БНР100 у Каложскім парку ў 2018 годзе, але на сцэну не выйшлі. І яшчэ шкада, што суполка гурта не вельмі жывая.

.К (2016)

Фота: vk.com/tchk_k
Гэта праект Яўгена Кучмейны, one-man-band, заснаваны ў Іўі ў 2011 годзе. Выпусціў тры альбомы — «ОК» (2011), «УніСон» (2014), Dobrazol (2016). Альбом «Унісон» трапіў у топ-10 беларускіх дыскаў першага паўгоддзя 2014.

Песні праекта метафарычныя, на выступах і ў запісах выкарыстоўваецца шмат гукавых эфектаў, а канцэрты пераўтвараюцца ў перформанс.

Зараз рыхтуецца новы альбом, які выйдзе восенню 2019 года. «Лічу, што гэта мой лепшы матэрыял — гэта адзінаццаць трэкаў, лонгплэй, 40 хвілін матэрыялу. Назву пакуль што не скажу, няхай мой сябар спачатку вокладку намалюе», — кажа музыкант.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024