Гродзенскія музыканты прэзентавалі ў мінскім «Re:public» новы альбом «Радыё «Harodnia». Гэта першы за тры гады сольны канцэрт, дазволены ў Мінску.

Dzieciuki аб’ядноўваюць сярод прыхільнікаў панкаў і інтэлектуалаў, маладых і сталых. Тых, каму падабаюцца песні на вершы беларускіх паэтаў і пра беларускую гісторыю, а таксама пра піва ды віскі. Самі музыканты называюць сваіх прыхільнікаў сябрамі, а не фанатамі. А ўсіх, хто шануе Гродна і гродзенскі фолк-панк — гродзенцамі.

Музыканты выйшлі ў цішотках «Увага! Нізкі мастацкі ўзровень». Менавіта з такой фармулёўкай ім адмаўлялі ў сольных канцэртах. Прэзентацыя ў Мінску — першы дазволены канцэрт за тры гады. «Магчыма, вырашылі: ну, няхай ужо гарлапаняць свой фолк-панк! А то усе гэтыя забароны толькі падаграваюць зацікаўленасць!», — кажа Алесь. І падкрэслівае, што яны ніколі не хацелі піярыцца на забаронах. Хоць і выступаюць за мяжой больш, чым у Беларусі.

Dzieciuki пачынаюць выступ з новых песень, чаргуючы іх з чаканымі і вядомымі. Разам з музыкантамі выступілі госці - Павел Аракелян, Сяргей Башлыкевіч і Кастусь Путронак з фольк-гурта «Варган». На канцэрце разгарнулі вялікі сцяг памерам 10*15 метраў, падчас песні «Чэкіст» зладзілі цэлы перформанс, а на песню «Простыя людзі» на сцэну выйшла некалькі дзесяткаў наведвальнікаў. Па звестках арганізатараў, канцэрт сабраў каля 700 чалавек.

— Мы паспрабавалі зрабіць песні больш разнастайнымі, эксперыментавалі са стылямі. Вось, напрыклад, адна з песень будзе прыбліжаная па стылі да хардкор-панка, але потым ідзе пераход у вальс, — усміхаецца Алесь.

Сам альбом з’явіцца ў сеціве ў чэрвені, калі музыканты вярнуцца з тура. А пакуль можаце паслухаць сінгл «Калі пад лугам бусел праляцеў» і паглядзець на яго кліп.

— Нам хацелася неяк звязаць усе песні паміж сабой. Ідэя, што нехта слухае нейкае радыё, дзе перадаюць наш альбом, нам падалася цікавай, — тлумачыць музыкант назву альбома.

— У альбоме будзе 12 песень. Не будзе кавераў, як на двух папярэдніх. Будзе больш маіх тэкстаў, а не Дзяніса Жыгаўца. Ён паціху рыхтуе і адкладае вершы на будучыню, — расказаў Алесь Дзянісаў напярэдадні. — Будзе песня на верш Уладзіміра Караткевіча, дзве песні - на вершы Алеся Чобата (адна з іх не ўвайшла ў мой самотнік «Кароткая гісторыя Беларусі»), і яшчэ адна — на верш пачынаючага паэта Гародні.

За час ад апошняга альбома да новага у музыкантаў змяніўся склад. З’явіўся яшчэ адзін бубнач — Аляксандр Рацько, які часам замяняе Аляксандра «Сыра» Сыраежка з нагоды яго нязручным графікам працы. Замест вакаліста Паўла «Трабла» прыйшоў Уладзіслаў Бернат.

— Улад даволі лёгка ўпісаўся ў калектыў. Мае добры вакал. Будзе вучыцца граць на дудзе. Я б хацеў папрасіць усіх не параўноўваць Улада з Паўлам. Кожны з іх — самабытны. Страта Трабла для нас, не буду хлусіць, была важкай стратай і непрыемным ўдарам; але мы ачухалісь, і цягнік ідзе далей. І яшчэ. Мы не сварыліся. Негледзячы на тое, што апошні канцэрт мы адлабалі разам на фэсце «Наш Дзень», і ўжо пачынаючы з лета 2018 года Трабл з намі не ездзіў на канцы і фэсты, мы спакойна працягвалі сумесную працу над альбомам. Мы не падзялялі спадчыну гурта. Вы ніколі не пачуеце нейкіх дробных скандальчыкаў і брудных інтрыжак вакол нашай каманды, і ўсёй гэтай сітуацыі, — расказвае Алесь. А Павел пачне працу над уласным праектам.

Акрамя майскага тура, увосень плануюцца канцэрты ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце. Вяліся папярэднія размовы яшчэ з парай гарадоў. Ці будзе канцэрт у родным Гродне, невядома — да гэтага некалькі гадоў музыкантам адмаўлялі ў «гастрольцы».