Беларускі фолк-панк-гурт Dzieciuki прадставіў на Soundcloud песню «Калі над лугам бусел праляцеў». Як расказаў С**бодзе лідар гурту Алесь Дзянісаў, гэтая песня зьявіцца ў трэцім альбоме «Дзецюкоў».

Сам альбом, які будзе звацца «Радыё Гародня», Dzieciuki спадзяюцца прадставіць на пачатку наступнага году: у снежні закончыць працу над альбомам не паспяваюць, бо «ўсё робяць самі», але плануюць завяршыць звядзенне і мастэрынг у студзені.

Паводле Алеся Дзянісава, трэці альбом будзе «значна больш разнастайным» за папярэднія два, у ім будзе «спалучэнне сучаснасці з гісторыяй», паралелі між цяперашнімі падзеямі і гістарычнымі.

«Калі над лугам бусел праляцеў» — песня на верш сучаснага беларускага паэта Алеся Чобата. Дзянісаў ужо запісваў яе ў межах сольнага праекту «Кароткая гісторыя Беларусі». На новым альбоме «Дзецюкоў», кажа ён, будзе яшчэ адна песня на верш Чобата, усяго плнуюцца «мінімум тры» лірычныя кампазіцыі.

soundcloud.com/dzieciuki/kali-nad-lugam-busel-pralyatse

На «вокладцы» новай версіі песні ёсць надпіс «Увага! Нізкі мастацкі ўзровень» — верагодна, гэта адсылка да ранейшай забароны канцэрту Дзянісава з «Кароткай гісторыяй Беларусі». Прычынай забароны імпрэзы мінскія ідэолягі назвалі «нізкі мастацкі ўзровень». Выступы гурту ў Беларусі забаранялі і да таго, і пасля. Але «Дзецюкам» далі выступіць у 2018 годзе на «Свяце Незалежнасці» і фестывалі «Наш дзень».

Dzieciuki граюць з 2012 году, выдалі на момант публікацыі два альбомы («Гарадзенскі гармідар» і «Рэха»), удзельнічалі ў трыб’юце «Песняроў» і праекце «(Не)расстраляная паэзія». Частка ўдзельнікаў гурту грала ў праектах Дзянісава «Людзі на балоце» і «Кальян». У 2014 годзе «Тузін гітоў» назваў гурт «Героямі году».