Пераапранутыя і загрыміраваныя бородачи гулялі па цэнтры Гродна 24 кастрычніка і дарылі мінакам цукеркі. Так яны хацелі дапамагчы дзецям з дому дзіцяці. Не абавязкова рабіць нешта грандыёзнае, каб дапамагчы, упэўнены кіраўнік беларускага аддзялення супольнасці барадачоў. Хто гэтыя людзі і як фота з барадатымі падтрымаюць дзяцей, яны распавялі Hrodna.life.

Фотасесію ў хэлоўінскіх вобразах зладзілі адмыслова для конкурсу ў міжнародным братэрстве барадачоў Bearded Villains. Пераможца атрымае $ 100 на набыццё мерча братэрства і $ 300 на дабрачыннасць. Калі беларусы выйграюць, грошы перададуць у Барысаўскі спецыялізаваны дом дзіцяці.

"Барада - не паказальнік". Барадатыя з Гродна рэпетавалі Хэлоўін, каб дапамагчы дзецям
Гродзенскія барадачы і іх сябры. Фота: перададзена героямі публікацыі

«Зарадзілася ідэя ў майго таварыша Яўгена. Мы сабраліся ўвечары, каб абмеркаваць вобразы, кожны сам сабе прыдумаў, як ён хоча выглядаць, фарбавалі знаёмыя людзі, нікога не наймалі, — распавёў Hrodna.life адзін з гродзенскіх барадачоў Сяргей Дзятлаў. — Мы ўтрох, тры барадатыя, фарбаваліся гуашшу, маляваў знаёмы мастак і татуіроўшчык. Касцюмы рыхтавалі самі - ездзілі па сэкандах, каб не шкада было рваць, фарбаваць ці пэцкаць». Грыміраваліся ў барбершопе Cavalier Club.

Фатаграфіі ў вобразах можна выкладваць у сетку да 1 лістапада. Лепшыя фота абяруць на галоўнай старонцы братэрства ў Instagram. На сам Хэлоўін у гродзенцаў сабрацца не атрымлівалася, таму хлопцы і іх сябры вырашылі яго «перанесці» на тыдзень, на 24 кастрычніка.

Што за братэрства барадатых

Рух барадатых Bearded Villains (з англ.: «барадатыя ліхадзеі») зарадзілася ў Лос-Анжэлесе (ЗША) у 2014 годзе. Ён зрабіўся міжнародным: чаптары (аддзяленні) ёсць у Паўднёвай і Паўночнай Амерыках, у Аўстраліі, Азіі, Еўропе і некалькі чалавек у Афрыцы, у Марока. Усяго ў свеце каля 180 чаптараў, распавёў Hrodna.life капітан беларускага братэрства барадачоў Мікалай. У некаторых краінах можа быць некалькі аддзяленняў, напрыклад, у Англіі іх 11 — так зручней камунікаваць. З суседніх з намі краін чаптары барадатых ёсць у Польшчы, Украіне, Расіі. У Беларусі - 41 чалец братэрства, з іх у Гродне — 4 чалавекі.

«Мы не гонімся за колькасцю, барада — не паказальнік, што ты можаш уступіць, трэба яшчэ падзяляць нашыя погляды», — патлумачыў Мікалай. Ці адпавядае гэтаму кандыдат, высвятляюць падчас стасавання з ім. Новых чальцоў прымаюць не адразу, можа прайсці месяц-два ці больш. «Пасля гэтага мы глядзім, падыходзіць чалавек ці не. Барада — гэта барада, а што ў галаве ў чалавека — трэба даведацца».

У братэрства ёсць кодэкс, у якім распісаныя яго асноўныя каштоўнасці. На першым месцы там дагледжаная некороткая барада з вусамі. Далей ідуць сям’я, імкненне да згуртаванасці братэрства, гуманізм у паўсядзённых і крызісных сітуацыях, бескарыслівасць, павага да навакольных і іншых чальцоў братэрства і яго кіраўніцтва. Адна з умоў ўступлення ў супольнасць — актыўны профіль у Instagram, праз які прасоўваюцца яе каштоўнасці.

Чытайце таксама:

У барадачоў ёсць пэўная іерархія — прэзідэнт братэрства ў Лос-Анжэлесе, капітаны чаптараў, іх памочнікі, рада братэрства, сяржанты і лейтэнанты.

Што робяць «барадатыя ліхадзеі» ў Беларусі

«Ліхадзеямі супольнасць названая іранічна, каб зруйнаваць стэрэатып, што барадатыя мужыкі - гэта байкеры, алкашы і дэбашыры», — патлумачыў Сяргей Дзятлаў.

Беларускія барадачы бяруць удзел у дабрачынных акцыях і сустрэчах братэрства з 2017 года. Разам яны дапамагаюць дзіцячым дамам і бяздомным жывёлам. У Мінску — рамантуюць вальеры, уцяпляюць будкі ў прытулку для жывёл, прывозяць кармы і напаўняльнікі, валанцёраць на акцыях грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Эгіда». У Гродне — наведваюць пункт часовага ўтрымання жывёл «Спецаўтагаспадаркі».

Чытайце таксама:

У апошні год барадачы не ездзяць у дзіцячыя дамы праз каранавірус, раней — перыядычна прывозілі прадукты, адзенне ў Барысаўскі дом дзіцяці. «З дзецьмі больш складана, потым адыходзіш пасля гэтага дзянёк, маральна цяжэй», — прызнаўся Мікалай.

"Барада - не паказальнік". Барадатыя з Гродна рэпетавалі Хэлоўін, каб дапамагчы дзецям
У Барысаўскім доме дзіцяці. Фота: vk.com/beardedvillainsbelarus

Хлопцы дапамагаюць і сталым людзям, напрыклад, калі чалавек жыве на высокім паверсе, а не працуе ліфт, прыбіраюць смецце ў парках. «Гэта пачынаецца з мінімальнага: падымаецца жанчына з метро — паднесці ёй торбу. Не абавязкова рабіць нешта грандыёзнае, каб дапамагчы».

Чытайце таксама: