Страшная сіла. 12 крокаў да святочнага макіяжу на Хэлоўін

Візажыст Вольга Катасонава паказала, як з падручных касметычных сродкаў зрабіць макіяж на Хэлоўін у вобразе “шкілета”. Яна выбрала гэты вобраз, бо з такім макіяжам можна працаваць і далей: зрабіць яго больш гламурным або, наадварот – брутальным. Падчас нанясення макіяжу наведвальнікі яе майстар-класа, што прайшоў 29 кастрычніка, мелі магчымасць пачуць агульныя парады па класічным мэйк-апе.

1. Ачыстка

Любы макіяж пачынаецца з ачысткі твару. Для гэтага можна выкарыстаць, напрыклад, міцэлярную ваду.

2. База

Наносім на твар танальны сродак, на вусны – бальзам. Вольга раіць танальнік наносіць на вушы, бо з-за перападу тэмператур яны могуць пачырванець і быць іншага тону, чым твар. Таксама варта танальны крэм убіць у корні валасоў. Ім жа “перакрываем” скапленні крываносных сасудаў каля носа. Дзе трэба, прымяняем карэктар. Замацоўваем усё пудрай.

img_5619

– На Хэлоўін сінякі пад вачыма можна і не маскіраваць. Па-першае, іх потым давядзецца імітаваць. Па-другое, смокі-айс будзе такі размашысты, што сінякоў не будзе бачна, – кажа Вольга.

3. Падкрэсліваем рэльеф твару

Далей твар можна было запудрыць і працаваць алоўкам і ценямі. Але Вольга прапанавала варыянт макіяжу з крэмавымі структурамі. Мы падкрэсліваем вісочныя ўпадзіны, паглыбляем рэльеф носа.

img_5631

– Калі б я рабіла мэйк-ап сабе, я б наносіла крэмавыя карэктары проста пальцамі, – кажа Вольга. – Наносячы цені на вочы, можна арыентавацца на костачку ў вочных упадзінах, бо скура з узростам абвісае.

– Гэта декаратыўны макіяж. Калі б я хацела рэалістычна зымітаваць нежывое цела, я б змяшала шэра-карычневыя адценні пад тон скуры славян, – тлумачыць візажыст.

img_5625

Папулярна выбяляць твар на Хэлоўін. Гэта можна зрабіць, калі нанесці спачатку танальны крэм, а потым пудру і светлыя ці белыя цені. Або дадаць у танальны крэм лавандавы карэктар ці фіялетавую базу. Па правілах каларыстыкі фіялетавыя адценні прыбіраюць жаўцізну.

Кроў можна зымітаваць, змяшаўшы чырвоную гуаш са згушчонкай.

4. Працуем са скуламі

Прамалёўваем скулы. Выпуклыя ўчасткі твару павінны быць больш светлымі.

– З узростам шчочкі становяцца не такімі пругкімі. З дапамогай прамалёўкі мы імітуем маладыя шчочкі. Прамалёўваючы скулы, мы можам скарэктаваць авал твару і яго прапорцыі: зменшыць масіўныя сківіцы ці зрабіць шчочкі больш рэльефнымі, – тлумачыць Вольга.

img_5636

Рэльефы твару трэба абавязкова замацаваць сухімі ценямі.

5. Смокі айс

Наступны этап – макіяж вачэй. Смокі айс на верхнім павеку малюем алоўкам і растушоўваем краі пэндзлікам.

img_5639

Вольга раіць браць для гэтага вялікія пухнатыя пэндзлікі – яны лепш растушоўваюць. Ніжняе павека малюем алоўкам. Замацоўваем усё ценямі.

6. Падкрэсліваем колер вачэй

Слізістую ніжняга павека прамалёўваем колерам, кантрастным колеру вачэй, каб іх падкрэсліць. Гэта можна рабіць алоўкам каял ці гелевымі падводкамі, бо толькі яны на слізістай трымаюцца.

7. Фарбуем вейкі

Іх фарбуем тушшу з дапамогай картонкі.

img_5645

– Каб зрабіць вейкі больш доўгімі, трэба дакрануцца да кончыкаў, даць ім высахнуць, а потым пафарбаваць ад корня, – раскрывае сакрэты Вольга.

8. Фарбуем бровы

Бровы малюем як у класічным макіяжы: з іх найвышэйшай кропкі, імітуючы валаскі. Хаця ў вобразе “шкілета” іх можна выбеліць: атрымаецца больш жудасна.

img_5646

9. Імітуем чэрап

Чорнай падводкай імітуем на носе правал, які бывае ў чэрапе.

img_5647

10. Малюем зубы

Зубы на вуснах малюем алоўкам або падводкай для вачэй.

img_5652

11. Рэльеф на целе

Робім рэльеф на ключыцах і шыі крэмавымі структурамі, і замацоўваем яго ценямі.

img_5637

12. Завяршаем вобраз

img_5661

Вобраз завяршаюць матылькі, зробленыя са скуры. Дапоўніць вобраз дапамогуць таксама крывавыя лінзы ці іншыя “жудасныя” аксэсуары.

– Калі вы наклеіце накладныя вейкі, стразы ці нафарбуеце вусны чырвонай памадай, вы зробіце макіяж больш гламурным. А можна зрабіць яго яшчэ боль брутальным, – раіць візажыст.

img_5662

Са слоў візажыста, самыя папулярныя вобразы для свята – крывавыя медсёстры, ведзьмачкі і вампіры. Прафесійны макіяж на Хэлоўін каштуе каля 20-25 даляраў. Дзецям макіяж можна зрабіць гуашшу, змяшанай з маслам, напрыклад, Johnson’s baby.

Вольга Катасонава ў прафесіі з 2008 году. Працуе ва ўласнай студыі макіяжу “Grimёrka”, дзе робіць мэйк-ап і вучыць гэтаму іншых.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: