Альбом найлепшых песняў гродзенскага гурта «Mister X» за амаль 20 гадоў выйшаў на вініле. Для рэлізу альбома абралі люстэркавую дату
Гурт «Mister X» існуе з 2003 года. За гэты час ён выпусціў тры поўнафарматныя альбомы і два спліты супольна з іншымі гуртамі. Зараз у складзе «Mister X» чатыры ўдзельнікі. Гурт прытрымліваецца антыфашысцкай ідэалогіі.
«Так званае „вінілавае адраджэнне“ — ужо даволі сур’ёзны трэнд у Еўропе, Амерыцы, і з’ява мае не адзін год», — расказаў лідар гурта Ігар Банцэр для Hrodna.life.
Большасць музыкі зараз выходзіць у лічбавым фармаце, часам візуальная складовая — кліп на YouTube — грае асноўную ролю ў прасоўванні. Тым не менш і вядомыя, і андэграўндавыя артысты выдаюць альбомы на вініле, бо аматараў кружэлак з’яўляецца ўсё больш.
«Для кагосьці гэта пытанне моды, камусьці падабаецца лампава-вінтажны ці нават, як яны самі кажуць, „аўтэнтычны“ гук вінілавых кружэлак. Я маю сяброў у Амерыцы ці Заходняй Еўропе, што збіраюць вініл з сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя. „Mister X“ выпускае альбомы на вініле з 2007 году, таму выхад чарговага такога для нас не ёсць нечым надзвычайным. Адрозненне толькі ў тым, што гэтым разам нас выпускае нямецкі інды-лэйбл Audiolith».
Альбом запісвалі на мяжы 2018−2019 гадоў і планавалі выдаць у канцы 2019-га. На вокладцы застаўся надпіс 16 y.o. (да 16-годдзя гурта) стылізаваны пад 161 [Паводле парадку алфавіта — AFA, скарот ад antifa (антыфашызм). — Заўв. Hrodna.life]. Але спачатку каранавірус, а потым і сітуацыя ў Беларусі ў 2020 годзе прымусілі адкладаць выданне некалькі разоў. Да выпуску альбома ў выніку падштурхнулі сябры Ігара ў Нямеччыне. Яны хацелі, каб больш людзей у Заходняй Еўропе пазнаёміліся з музыкай гурта.
«На альбоме 14 песень, выбраных мною, каб паказаць заходнееўрапейскім слухачам нашую творчасць за ўсе гады, што мы займаемся музычным, ды не толькі, актывізмам», — расказаў Ігар. Гурт пачынаў запісвацца ў сціплых умовах. Таму было прынцыпова перазапісаць песні, створаныя 5−15 гадоў таму, у лепшай якасці.
Чытайце таксама: Тест: Как хорошо вы знаете гродненскую музыку?
На альбоме ёсць і некалькі бонусаў. Адзін з іх — акустычная песня з удзелам Марыі Шакуры, акардыяністкі мінскага фольк-панк гурта «Бостонское Чаепитие».
Наклад альбома — 500 асобнікаў. Для Еўропы кружэлка каштуе 20 еўра, для краінаў былога СССР вызначылі ніжэйшы кошт — 15 еўра.
Зараз большасць фанатаў гурта — жыхары Заходняй Еўропы. У дакаранавірусны час музыкі пастаянна выступалі ў Польшчы, Германіі, неаднаразова гралі туры па Еўропе.
«У Беларусі ці Расіі музыка з выразнай ідэалагічнай афарбоўкай не вельмі вітаецца, гэта можа быць прычынай праблемаў як для арганізатараў, так і для самых слухачоў. У Заходняй Еўропе андэграўндавая сцэна нашмат больш развітая і моцная, і падтрымка адтуль максімальная», — патлумачыў Ігар Банцэр.
«У нашых умовах спяваць не проста песні, але і адстойваць сваю пазіцыю, у тым ліку па тых пытаннях, якія дзяржава можа палічыць патэнцыйна небяспечнымі - гэта прамы шлях у чорныя спісы ды амаль поўная немажлівасць арганізаваць легальны выступ».
Ігар падкрэслівае, што гурт зацята адмаўляецца ад камерцыйнага поспеху, не ўдзельнічае ў камерцыйных імпрэзах і не імкнецца да славы. «Галоўнае — заставацца верным сваім ідэалам, а не лішні канцэрт ці ўзгадка ў СМІ. Нам не патрэбныя фанаты, нам патрэбныя аднадумцы — людзі, што падзяляюць нашыя каштоўнасці, чые думкі сугучныя з нашымі».
Канцэрту з нагоды выхаду альбома не будзе праз бягучую палітычную сітуацыю ў Беларусі. Нягледзячы на просьбы арганізаваць закрыты канцэрт-прэзентацыю, гурт вырашыў «не гуляць з агнём»: «Музычныя амбіцыі не вартыя таго, каб падстаўляць людзей. Прыйдзе шчэ час на нашыя жывыя канцэрты».
З часу запісу альбома ў гурце змяніўся гітарыст. «Падзеі жніўня 2020 году сталі водападзелам для ўсяго беларускага грамадства, — кажа Ігар. — Мой былы гітарыст зрабіў свой выбар і вырашыў сысці з гурта. Я разумею ягоную пазіцыю і паважаю ягонае рашэнне. Жыццё — гэта жыццё. Don’t Stop Rock’n’roll!».
Ігар прызнае, што зараз ён даволі вядомы не толькі ў Гродне ці Беларусі, але і ў Еўропе. Пасля яго затрымання восенню 2020 года на Захадзе распачалася інфармацыйная кампанія ў падтрымку беларускага музыкі-палітвязня.
Чытайце таксама:
«Маёй вядомасці паспрыяў мой „ружовы перформанс“, за які я атрымаў 1 год 6 месяцаў абмежавання волі, а не музыка майго гурта. „Mister X“ — гэта заўжды было пра агонь у сэрцы, адданасць ідэалам, шчырую чалавечнасць, так званую „трушнасць“. Тут нічога не змяняецца. Я больш за 20 год з’яўляюся актыўным удзельнікам беларускага музычнага андэграўнду, займаюся нізавым актывізмам».
Важнае месца ў гэтай дзейнасці займела праца культурна-асветніцкай ініцыятывы «Гродзенскі рок-клуб». Яна была заснаваная ў 2014 годзе і дала магчымасць выйсці ў публічную прастору афіцыйна. «Гродзенскі рок-клуб» улады ліквідавалі летам 2021 года, пакуль яго заснавальнік адбываў пакаранне на «хіміі».
«Выхад кружэлкі менавіта зараз дае мажлівасць дасягнуць больш шырокіх колаў слухачоў. Але ж няма чаго падманваць сябе, у нас стандартны панк-рок, а такіх гуртоў, як наш, у Еўропе вельмі шмат. Таму гэта толькі адзін з этапаў майго жыцця. Мы рухаемся далей, і зараз мяне больш хвалюе запіс новага матэрыялу для выдання ў наступным годзе да 20-годдзя творчай дзейнасці гурта». Таксама ў гурта ёсць прапановы канцэртаў у Расіі і ў Заходняй Еўропе.
«Зараз рок-клуб зачынены, усе культурніцкія ініцыятывы жорстка цэнзуруюцца… Я паўтараю ў кожным інтэрв'ю, што я вярнуўся ў статус „простага жыхара горада Гродна“. Гэта нашая беларуская рэчаіснасць 2022 году», — канстатуе музыка.
Чытайце таксама:
«Я больш за год „катаўся“ па турмах-этапах і пры гэтым маляваў, чытаў кнігі, пісаў новыя песні, сцэнары кліпаў, пачаў пісаць кнігу. Расці трэба заўжды ў першую чаргу над самым сабой. Трэба штодня ўздымацца над сваімі слабасцямі, каб станавіцца лепшай версіяй сябе. Галоўнае — заставацца чалавекам з вялікай літары Ч. Усё астатняе — толькі дадатак».
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…