«Надакучыла граць на кухні самому сабе — сталу, сценам, імбрычку», — прызнаецца музыкант. Рашэнне ўспомніць па чарнавіках і сабраць разам музыку, якую 10 гадоў таму ствараў у праекце Opus Magnum, ён тлумачыць жаданнем «пакінуць след у гісторыі». Час гэтай музыкі і яго не прайшоў, упэўнены Арцём. Ён распавёў для Hrodna.life, як «захварэў» на музыку, хто дапамог вярнуцца да слухачоў і чаму сапраўдны гітарыст ніколі не бывае «былым».

Вырашылі граць рок і адрошчваць валасы

Зараз Арцёму 34 гады. У музычных метал-гуртах ён грае з восьмага класа. «Калян» вучыўся ў школе № 18 з музычным ухілам па класе гітары. Тады разам з аднакласнікамі яны стварылі гурт «Eclipse».

«Знайшлі барабанную ўстаноўку, электрагітары і вырашылі граць рок. Адміністрацыя была не супраць. Песні спявалі на рускай, выступалі ў школе і на іншых пляцоўках, — успамінае пра пачатак творчай кар’еры Арцём. — Алег „Варона“ падсадзіў на Rammstein і Metallica і панеслася. Пачалі развівацца і адрошчваць валасы».

"Былых гітарыстаў не бывае". Арцём "Калян" Пузыня нанова запісаў альбом, над якім працаваў 10 гадоў таму
Самы першы гурт, у якім граў Арцём, — Eclipse. Хлопцы выступалі ў педкаледжы. Пазней гурт змяніў назву на Mortalis Morsus. На фота Арцём — з чырвонай гітарай, а Алег «Варона» — крайні злева. На гэтым фота ў яго яшчэ кароткія валасы.

Далей «па музыцы» Арцём не пайшоў. Яго праца зараз звязаная з паверкай і рамонтам прыбораў кантролю — манометры, тэрмометраў і вагаў. Музыка засталася хобі і аддушынай.

«Калі б гэта стала маёй прафесіяй, то я б да яе так не ставіўся. Хутчэй за ўсё, было б як на звычайнай працы: прыйшоў і сышоў. А так я ўкладваю час і душу», — кажа Арцём Пузыня.

"Былых гітарыстаў не бывае". Арцём "Калян" Пузыня нанова запісаў альбом, над якім працаваў 10 гадоў таму
Пасля 9 класа Арцём паступіў у тэхнікум на электрыка, але ўсё роўна прыходзіў на рэпетыцыі ў школу. «Я пісаў у асноўным музыку, тэксты пісаў саліст Эдзік і бубнач „Пушкін“, ён жа паэт», — патлумачыў музыка. На фота: стаяць злева направа — Арцём Пузыня, Зміцер Васількевіч, Алег Варанцоў «Варона», Эдзік Борзікаў; за барабанамі - Павел Янчурэвіч «Пушкін». 2004 год

Гралі проста «ў стол»

Пазней музыку запрасілі ў гродзенскі гурт Discord. У гэты час, па ўспамінах Арцёма, было шмат канцэртаў у клубах і «пастаянны варушняк».

«У 2010 не быў так развіты інтэрнэт. Людзі не казалі тады „гук гаўно, за што я буду хадзіць, грошы плаціць“. Яны ішлі на канцэрт і проста тусілі. Прыходзіла па 100 чалавек. Крута было».

Да мінусаў таго перыяду Арцём адносіць адсутнасць любых вынікаў - музыкі былі «зараджаныя проста граць».

«Не было выразна пастаўленай задачы і мэты нешта запісваць. Гралі і гралі, на гэтым усё. Я зараз разумею, што гэта вялікі недагляд, усё гэта было ў стол, а стол ты выкінеш на вуліцу і наогул нічога не застаецца».

За ўвесь час у музыкаў засталося толькі пару «дэмак», запісаных на дыктафон.

"Былых гітарыстаў не бывае". Арцём "Калян" Пузыня нанова запісаў альбом, над якім працаваў 10 гадоў таму
Гурт «Discord», здымак 2013 года

У пачатку 2000-х Арцём граў адначасова ў некалькіх групах. Звычайна на гітары, але мог сесці і за барабаны. Усе інструменты ён асвойваў самастойна.

"Былых гітарыстаў не бывае". Арцём "Калян" Пузыня нанова запісаў альбом, над якім працаваў 10 гадоў таму
Гурт «Dominator» ў другім складзе. Фота 2017 года. «Другі склад гурта Dominator быў „каронны“ — самыя моцныя гродзенскія музыкі - металісты, якія на той момант былі ў тэме і маглі якасна граць і быць на ўзроўні», — мяркуе Арцём. Першую песню для гэтага гурта Арцём напісаў, калі хадзіў з жонкай па рынку «Карона». «Марына выбірала сабе рэчы, а я гэтыя дзве гадзіны хадзіў і ў галаве ўяўляў, якая гэта будзе музыка. Гэта адзіная песня, якая пайшла па плане», — успомніў музыка.

Opus Magnum зарадзіўся прыкладна ў 2007 годзе, калі Арцём з «Варонам» хадзілі на «Каложу» і гралі каверы.

«Музыка ў дамінатарах была цяжкая, я захацеў чагосьці спакойнага. Пачаў складаць. Трэкаў хапіла на альбом», — сказаў Арцём. Музыку здалося, што музыка атрымалася дурнаватай — «пасядзець вечарам аднаму і падумаць, не больш за тое». Тады праект так і застаўся няскончаным.

Вярнула ў музыку песня пра Беларусь

Падзеі 2020 года паўплывалі на музыку, і нарадзілася кампазіцыя «Прысвячаецца крышталёва чыстай і незалежнай Беларусі». «Усе ў трансе хадзілі, а ў мяне ўсё вылілася ў гэтую кампазіцыю. Запісаў відэа, зрабіў свой канал і „выйшаў у людзі“ праз інтэрнэт», — распавёў Арцём пра тое, як «размарозіўся» праект. Але аказалася, што музычны свет за гэты час моцна змяніўся.

"Былых гітарыстаў не бывае". Арцём "Калян" Пузыня нанова запісаў альбом, над якім працаваў 10 гадоў таму
«У памяць пра…» вокладка новага альбома, які так і не стане дыскам, — занадта змяніўся музычны свет

Дыскі больш не кацяць. А што трэба?

Арцём хацеў запісаць альбом і выпусціць пару дыскаў, як планаваў 10 гадоў таму, але перадумаў. Музыка стаў шукаць інфармацыю пра размяшчэнне і прасоўванне музыкі на лічбавых пляцоўках.

«Адправіў 300−400 лістоў у розныя лэйблы па ўсім свеце. Адказалі 15. Асабліва добрых прапаноў не паступала. Гэта зразумела — хто я такі».

«За апошнія чатыры гады людзі не выпускаюць альбомы, толькі EP (міні-альбом) па 3−5 песень або асобныя сінглы. Усё выпускаецца на лічбавых пляцоўках», — пракаментаваў музычны дырэктар і гукарэжысёр студыі «ForZ» у Мінску Зміцер Галадко. За два гады яго студыя выпусціла толькі чатыры альбомы. Па словах Змітра, сінглы і ЕР лягчэй раскруціць і яны пакрываюць больш аўдыторыі за год.

"Былых гітарыстаў не бывае". Арцём "Калян" Пузыня нанова запісаў альбом, над якім працаваў 10 гадоў таму
Зміцер Галадко, музычны дырэктар, прадусар студыі ForZ. Гастраляваў па ЗША, Еўропе, Расіі і Карэі. Выступае як гітарыст, кампазітар, аўтар музыкі да фільмаў і серыялаў. У сваёй студыі дапамог запісаць не адну песню да «Еўрабачання». Да ForZ звяртаюцца з рознымі запытамі: ад складання тэксту для песні да запісу кампазіцыі з сімфанічным аркестрам. Студыя ForZ працуе з гуртамі і спевакамі: «Новы Ерусалім», Аляксандр Патліс, AKROPAL' (Акропаль), LiteSound, NUTEKI, «Велосипед» і іншымі. З Joe Lynn Turner, салістам Deep Purple, які зараз жыве ў Беларусі, Зміцер працуе ўжо каля 10 гадоў.

Добра запісваць, калі слухае «чужое вуха»

Зміцер — музыка паводле адукацыі, і пра карысць «чужога вуха» пры запісу ведае з уласнага досведу. «Я даўно ў тэме запісу з вакалістамі, тэхнічна магу падказаць. Сам люблю, калі пішу, каб хто-небудзь прысутнічаў і сказаў з боку: падабаецца ці не. Я лічу, што гэта карысна. Добрая, правільная крытыка — яна спрыяе добрамузапісу».

Раней праблем з доступам да аўдыторыі ў беларускіх музыкаў не было.

«Калі я быў малым, у 2000-х, мы бралі гітары, з нагі адкрывалі любы клуб. Казалі: „Давайце мы будзем у вас граць, прывядзем натоўп людзей, а вы нам адсотак з касы або з бара аддасце“. Мы гралі ўсюды — у барах, ДК, на вуліцы, — кажа Зміцер. — Было проста і лёгка атрымаць дазвол. Зараз зроблена ўсё, каб рэалізацыя музыкаў была як мага цяжэйшай. Увялі ліцэнзіі, „гастролькі“ канцэртныя і яшчэ нешта».

У такіх умовах, лічыць Дзмітрый, бэнду-пачаткоўцу складана расці і шукаць свой твар. «Калі граеш канцэрты, ты бачыш, як трэба рухацца, што людзям заходзіць, што не. З гэтага робіцца творчасць. [Становіцца зразумела], як граць жыўцом, як натоўп сябе паводзіць — ты атрымліваеш досвед». Зараз праца ў студыі і гранне па «кропках» — практычна адзіная альтэрнатыва для маладых музыкаў. «Каманды прыходзяць да мяне, проста рэпетуюць ад сілы паўгода, а потым развальваюцца. Бо гэта нецікава — проста прыходзіць і рэпетаваць. Цікава атрымліваць кайф і канцэртныя эмоцыі, развівацца, паказваць сябе. Вось мы рэпетавалі, нават калі граць не ўмелі! Выходзілі на сцэну і проста кайфавалі. Цяпер гэта складана атрымаць музыкам».

Праз адарванасць ад аўдыторыі беларускім музыкам складана разумець, што ты «прадаеш», і рабіць запатрабаваны музычны прадукт. «Калі яны не ўзаемадзейнічаюць з публікай, яны гэтага і не ведаюць, — лічыць Зміцер. — Музыку трэба выходзіць на сцэну і кайфаваць! Ты бачыш па публіцы рэакцыю. Гэта дапамагае рабіць музыку, якая чапляе і гайдае».

Прэм’ера праз 10 гадоў

Свой альбом з мінулага Арцём вырашыў запісаць у «VIKSTUDIO» у гродзенца Аляксандра Вікуньі-Арыета.

«Прыйшоў да Сашы, зрабіў пробны запіс. Ён паказаў, што можа зрабіць з гукам — мне спадабалася, і я пайшоў рыхтавацца да запісу, падточваць тэхніку», — распавёў Арцём.

"Былых гітарыстаў не бывае". Арцём "Калян" Пузыня нанова запісаў альбом, над якім працаваў 10 гадоў таму
Аляксандр Вікунья-Арыетта. Вучыўся ў Гродне. Скончыў «Кулёк» (каледж мастацтваў) на эстрадна-джазавым аддзяленні. Больш за 20 гадоў грае на барабанах. Выступае ў гурце «Iron Cast» і кавер-гурце «TENИ». У 2017 годзе заснаваў студыю гуказапісу «VIKSTUDIO»

Аляксандр займаецца запісам, звядзеннем, майстарынгам, а таксама прадастаўляе паслугі сесійных музыкаў. Гэта значыць, што на яго студыі нават музыку-пачаткоўцу дапамогуць зрабіць песню з нуля.

У студыю звяртаюцца блэк-металісты, поп-рок музыкі, мясцовыя барды і джазмэны. «У мяне студыя, такая, правінцыйная. Я, фактычна, займаюся ўсім». Асноўныя замоўцы ў Аляксандра — выхадцы з гродзенскай музычнай тусоўкі. Галоўная рэклама і гарантыя якасці - «сарафаннае радыё».

Прыйшоў час здзейсніць юнацкую мару

Арцём не браў у рукі гітару два гады. Нават музыку не слухаў асабліва — з-за занятасці. «Пачаў запісваць альбом, з’явіліся новыя кампазіцыі, і зноў запаў у музычную залежнасць, — патлумачыў Арцём, чаму вырашыў запісаць альбом. — Прыйшоў час завяршыць і выканаць юнацкую мару, захацеў „наслядзіць“ у гісторыі».

На думку Арцёма, былых гітарыстаў не бывае, і гэта «хвароба». «Чым больш я граю, тым больш захворваю», — сказаў музыкант.

Вяртацца ў метал-гурт ён не збіраецца. «Даў сабе абяцанне, што метал граць ужо не буду. Слухаць — так. Граць — ужо не тое». Кажа, што зараз у яго іншыя прыярытэты, сярод якіх праца і трэніроўкі. І - іншая музыка.

15 студзеня ў сеціве выйшаў альбом «In remember of…» Opus Magnum. Гродзенская прэм’ера альбома пройдзе 29 студзеня 2022 года ў тату-салоне «Адважнае сэрца». Арцём хоча зрабіць на прэзентацыі ўсё, як у альбоме — з другой гітарай. Падыграць другую партыю музыка папрасіў «Варону», з якім яны гралі ва ўсіх гуртах і хто першы падсадзіў яго на цяжкую музыку. Будзе гучаць адна кампазіцыя з першага альбома «Ember» 2007 года. Арцём плануе 5 лютага прэзентаваць альбом у Менску.