Культурна-асветніцкая ўстанова «Гродзенскі рок-клуб» знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Так вырашыў Гродзенскі гарвыканкам 23 ліпеня. Заснаваў рок-клуб у 2014 годзе лідар гурта «Mister X» Ігар Банцар. Цяпер ён адбывае «хімію».

Культурна-асветніцкая ўстанова «Гродзенскі рок-клуб» была зарэгістравана Гродзенскім гарвыканкамам 23 траўня 2014 года. Яго дырэктарам быў Ігар Банцэр.

Ігару Банцэру 41 год. Ён — лідар гродзенскага стрыт-панк-гурта Mister X. Жанаты, трое дзяцей. Вегетарыянец, антыфашыст, стрэйтэйджар.

Ігара затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцыянтам 5 верасня. Ігара заключылі пад варту, трымалі ў адзіночнай камеры, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Мінск, змяшчалі ў карцэр.

Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка прызнала Ігара Банцэра вінаватым у хуліганстве і прысудзіла яму 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. З улікам знаходжання пад вартай Ігару засталося адбыць восем месяц пакарання. Ён адбывае іх у Віцебску.

Рок-клуб развіваў некамерцыйную мастацкую творчасць, падтрымліваў аматарскае мастацтва і творчую ініцыятыву. Накіраваны ён быў на міжнароднае супрацоўніцтва. У прыватнасці, арганізоўваў выступленні замежных гуртоў у Беларусі і дапамагаў беларускім групам выязджаць за мяжу, каб там прадставіць сваю творчасць.

За апошні тыдзень беларускія ўлады ліквідавалі дзясяткі беларускіх недзяржаўных арганізацый — не менш за 40. Сярод іх курсы беларускай мовы «Мова Нанова».

Пішу пра людзей з інваліднасцю, актывістаў, палітыкаў і дабрачыннасць.