«Он не заслужил света, он заслужил покой,
— печальным голосом проговорил Левий»
(«Мастер и Маргарита»)
Любоў і камедыя — два словы, якія вядуць да поспеху, калі ўжыць іх у анатацыі сёння. Няхай гэта будзе анатацыя да кнігі, фільма або спектакля. І справа нават не ў тым, што «Кніга Юдзіф» — частка Бібліі. Хто сёння зразумее такога героя і яго ўчынак? Проста жанр гістарычнай драмы сёння не папулярны.
Уражаннямі пра апошнюю прэм’еру гродзенскага тэатра лялек дзяліцца Вераніка Вельб.
«Камедыя Юдзіфі» — інтэрпрэтаваны варыянт біблейскай гісторыі. Па матывах ідэалізаванай Юдзіф з Бібліі з’явілася жанчына Юдзіф з людзей; жанчына, уяўленая Сяргеем Кавалёвым, ажыўленая Алегам Жугждам і рэальная дзякуючы Ларысе Мікуліч. Аўтарская ідэя пераасэнсавання вядомага сюжэту дазваляе казаць пра галоўных герояў як пра людзей, якія жылі ці жывуць.
[irp posts="28 266″ name="Францыск Скарына і гродзенскія лялькі. Да 500-годдзя беларускага друку ў Гродне паставяць спектакль з біблейскім сюжэтам"]
Для напісання п’есы выкарыстоўваўся пераклад «Кнігі Юдзіф» Францішка Скарыны, а для тэатра лялек гісторыю адаптавалі ў камерную драму на дваіх. У выніку ў гродзенцаў атрымаўся сплаў мастацтваў слова, музыкі, жывапісу і танца. Усе дзеянні адбываюцца ў прасторы па-за часам, дзе героі знаходзяцца тысячы гадоў пасля смерці. Калісьці Юдзіф падманула Алаферна і забіла яго ў сне, каб дапамагчы свайму народу, а потым пражыла да 105 гадоў, так і не выйшаўшы замуж. Пасля смерці яны дзень за днём знаходзяцца разам у закрытай прасторы і вымушаныя штодня спрачацца пра тое, хто вінаваты.
Чалавечы спектакль
Спектакль і п’еса «Камедыя Юдзіфі» закаханыя ў людзей. Яны чалавечыя настолькі, што нават у Бога ў гасцінай можна чытаць постмадэрнісцкую інтэрпрэтацыю міфа пра Юдзіф. Не саромеючыся падрабязнага апісання інтымных сцэн.
Самая выдатная праява чалавечага ў гэтым дзеянні - прабачэнне Юдзіфі Алафернам. Здаецца, адзіным, хто павінен тут (ужо не на Зямлі) дараваць або не, з’яўляецца Бог. А мы чуем прабачэнне з вуснаў грэшніка, якому цяпер (хто ведае, калі наступіць канец святла), варта было б паўтараць нястомна малітву і самому прасіць прабачэння, а не даваць яго.
Чалавек у п’есе і спектаклі вялікі. І не ўсё чалавечае нізкае, нават калі жыццё яго часовае, і ў параўнанні з вечнасцю нішто. Веліч ў пераменах.
З гарпій у людзей
Маладыя Юдзіф і Алаферн на сцэне візуалізавалі ператварэнне з гарпій ў людзей. З’явіўшыся падчас першай сваркі ў выглядзе велізарных жудасных птушак, паступова яны ўсё больш і больш станавіліся чалавекападобнымі; завяршыўшы і спектакль, і свой трыумф працяглым танцам.
Ідэя прысутнасці танца ў дзеянні спектакля цікавая, аднак сам танец атрымаўся хутчэй дэманстрацыяй набору харэаграфічных рухаў. Але, усё ж, танцуем: акторам варта трохі парэпеціраваць, а харэографу, магчыма, нешта памяняць.
Здаецца, у Юдзіф і Алаферна шмат часу — пяць тысяч гадоў. Па зямных мерках — гэта вечнасць. А што, калі дзеянні п’есы адбываюцца штодня на працягу ўсіх гэтых тысяч гадоў? Ад нянавісці да прабачэння і любові, ад жывёльнага да чалавечага? І так раз за разам.
Лялькі і дэкарацыі
Лялькі, якія адсылаюць да арыгінальнага твору, не моцна вылучаюцца арыгінальнасцю — ну хіба што вялікімі насамі. Іх прастата і звычайнасць яшчэ больш падкрэслівае сюрэалістычнасць таго, што адбываецца. Падтрымлівае яе «жывая» галава Алаферна ў шкляной скрынцы. Яна ўпісваецца і дапамагае ствараць атмасферу тагасветнага, незямнога. Гэтую ж атмасферу ўзмацняюць і мінімалістычныя, зусім нейтральныя дэкарацыі.
[irp posts="28 561″ name=""Сюр мае быць сюрам". Мастачка расказала пра смешных лялек з нясмешнай «Камедыі Юдзіфі""]
Ці знойдуць шчасце, ці хаця б супакой біблейскія героі? Ці далей будуць мучыцца ў вечных сваіх размовах?
-Давай паспрабуем разабрацца яшчэ раз
-Не трэба, любімая. Ты зноў будзеш плакаць
Ці змогуць яны стаць парай эстэтаў, не абцяжаранай клопатамі пра дзяцей і бытавымі праблемамі? А сучасныя людзі - ці перастануць мучыцца пытаннямі аб адлегласці ад кахання да нянавісці і ад здрады да прабачэння?
Старажытная гісторыя і безчасовасць на сцэне разыграны ў сучасным антуражы. Вакол герояў - карціны, кнігі і вініл, якія з’явіліся значна пазней тых гадоў,ікалі адбылі ў іншы свет і Алаферн, і Юдзіф. Мабыць, у гэтым ёсць намёк на адказ.