Апошнюю прэм’еру сезону ў тэатры лялек, «Камедыю Юдзіфі», пакажуць 22 ліпеня. «Для напісання п’есы выкарыстоўваўся пераклад Скарыны біблейскай кнігі Юдзіф. Таму будуць адсылкі да арыгінальнага твору», — распавёў рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Алег Жугжда.

Францыск Скарына і гродзенскія лялькі. Да 500-годдзя беларускага друку ў Гродне паставяць спектакль з біблейскім сюжэтам
Рэжысёр-пастаноўшчык «Камедыі Юдзіфі» Алег Жугжда. Фота: Вераніка Вельб
Спектакль ставіцца паводле п’есы, адаптаванай для тэатра лялек у камерную драму на дваіх. Паводле рэжысёра, гэта незвычайны варыянт для тэатра і яго самога. У выніку атрымаўся дынамічным сплаваў мастацтваў слова, музыкі, жывапісу і танца.

«У самым пачатку героі паўстаюць у выглядзе страшных гарпій, а па меры развіцця дзеяння яны ўсё больш „ачалавечваюцца“. Асучасненыя героі знаходзяцца ў замкнёнай прасторы дзве тысячы гадоў і вымушаныя штодня ладзіць разборкі, хто мае рацыю, а хто вінаваты». Іграць Юдзіфь і Алаферна будуць Ларыса Мікуліч і Аляксандр Шалкаплясаў.

«Сяргей Кавалёў прапанаваў цікавую форму, калі двое знаходзяцца ў па-за часовым адрэзку. Я так мяркую, гэта альбо пекла, альбо чысцілішча. Куды яшчэ могуць трапляць забойцы? Юдзіф ўсё-ткі забіла чалавека, які спаў. Спачатку падманула, а потым забіла. Тут узнікае сучасная тэма тэрарызму», — разважае пра актуальнасць біблейскага сюжэта ў наш час Алег Жугжда.

«Кавалёў называе Юдзіф першай тэрарысткай. Яшчэ, Кавалёў не быў бы Кавалёвым, калі б не ўставіў тэму адносін: Алаферн даверыўся Юдзіфі, за што і паплаціўся. І яна, будучы досыць маладой жанчынай, пражыла да 105 гадоў, не выйшаўшы другі раз замуж, таксама не проста так. Што пераважае — абавязак, любоў да радзімы, каханне? І як гэта ўсё супрацьпастаўлена?» — гэта тыя пытанні, на якія толькі кожны асабіста мае шукаць адказы. А што да ісціны — то «любая ісціна мае два бакі», мяркуе рэжысёр.

Што да выбару жанра — камедыя, то ў сучасным значэнні гэта п’еса з’яўляецца камедыяй вельмі адносна. Хутчэй, гэта не смешны твор, а расповед са шчаслівай развязкай, «прынамсі, для іудэяў» — адзначае рэжысёр.

Таксама варта звярнуць увагу, што «Камедыя Юдзіфі» стане першай п’есай, каторую акторы-лялечнікі паставяць у званні заслужанага тэатра, якім калектыў нядаўна быў уганараваны.