На пустым адрэзку зямлі каля Рэмбыттэхнікі і павароту на вуліцу Мядовая ў бліжэйшы час пачнецца будаўніцтва адміністрацыйнага будынка. Заказчыкам выступае інвестар, які ў лістападзе 2013 года незаконна знёс стары дом па вуліцы Віленскай, 20.

На пляцоўку прывезлі бытоўку, з’явіліся слупы для будучай агароджы.

Ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва гродзенскага гарвыканкама распавялі Hrodna.life, што за самавольны знос старога дома на вулiцы Вiленскай у 2013 годзе заказчык быў пакараны i страціў правы на рэканструкцыю. Будаваць новы аб’ект на вуліцы Віленскай яму не дазволілі. Але ў сувязі з тым, што ён набываў дом з аўкцыёну, заказчыку праз 4 гады далі ўзамен новае месца на пустыры каля Рэмбыттэхнікі.

На завулку Віленскім з'явіцца адміністрацыйны будынак замест знесенага старога дома
Так выглядаў разбураны дом на Віленскай вуліцы. фота yardkeeper.livejournal.com
На дадзены момант у заказчыка распрацавана праектная дакументацыя новаго будынка і ў бліжэйшы час пачнецца яго будаўніцтва.

Вядома, што стары двухпавярховы дом на Віленскай, 20 прастаяў больш стагоддзя. Перажыў усе войны ХХ стагоддзя, але не перажыў новага ўладальніка. Гэты будынак ідэальна ўпісвалася ў навакольнае асяроддзе. Падчас дэмантажу будынка рабочымі былі знойдзеныя цікавыя артэфакты: некалькі дзясяткаў падшывак судовых спраў другой паловы XIX ст.