«Калі рукі ператвараюцца ў небяспечную зброю». 5 гродзенскіх атлетаў пра тое, як дасягнуць поспеху ў спорце

Нядаўна мы пісалі пра фітнес-прыгажунь Гродна, якія ўражваюць формамі і працавітасцю ў трэнажорных залах. Зараз прадстаўляем пяцёрку не менш спартыўных гродзенцаў, якія прывыклі лавіць на сабе погляды мінакоў. Яны таксама да сёмага поту працуюць з жалезам, не менш вынослівыя і патрабавальныя да сябе, хіба толькі больш лаканічныя ў сваіх адказах.

Давід Ацьман

Меў некалькі прычын і матывацый, каб пачаць трэніравацца — гэта боль і страх. У дзяцінстве хлопец двойчы мяняў школы і працэс адаптацыі ў калектыве праходзіў досыць хваравіта. Двойчы Давід трапляў у бальніцу са страсеннем мозгу з-за няўмення прамаўчаць і падлеткавай жорсткасці. Жыць у пастаянным страху хлопец больш не мог. Ён палічыў, адзінае, што можа яму дапамагчы — гэта сіла, якой не было, таму і пайшоў у залу.

Цяпер Давід займаецца адзінаборствамі і трэніруецца з жалезам. Паводле яго слоў, пачаткоўцам неабходна памятаць, што спорт і здароўе — гэта два процілеглыя па значэнні словы. Сам Давід ужо не памятае тых часоў, калі ранкам яму не балелі б суставы, мышцы, косці, звязкі, пазваночнік. Але і перавагі ў спартыўным жыцці істотныя.

«Калі твае калісьці крывыя і няўклюдныя рукі ператвараюцца ў небяспечную зброю, калі сваімі нагамі ты можаш ламаць косткі патэнцыйных нядобразычліўцаў, то дакладна адчуваеш сябе больш спакойна і ўпэўнена ў стрэсавых сітуацыях».

Давід кажа, што варта памятаць пра тры слупы росту і прагрэсу: еш, спі, трэніруйся. Калі не будзе выкананы хоць адзін з гэтых пастулатаў, то механізм росту будзе парушаны і прагрэсу не будзе. Чым больш укладаеш, тым больш атрымліваеш. Трэба старанна працаваць, не шкадаваць сябе і любіць тое, што ты робіш, лічыць Давід.

Ён кажа, што ў параўнанні з іншымі краінамі, у Беларусі ўвагі на яго спартыўны целасклад і запамінальную знешнасць амаль не звяртаюць. Напрыклад, калі ён быў у Індыі, то людзі адкрыта паказвалі пальцамі, фатаграфавалі, пастаянна спрабавалі датыкнуцца і нават прасілі патрымаць іх дзяцей.

Давід узгадвае, як аднойчы стаяў на прыпынку ў Дэлі, чакаючы таксі. У горадзе былі жудасныя заторы, стаяў нерэальны гул клаксонаў. Давід заўважыў на сабе погляд эксцэнтрычнага індуса, які дэманстраваў вялікі палец і з адабрэннем і захапленнем плаўна хістаў кучаравай галавой, высунутай у акно. І ў той момант яго аўто сутыкнулася з іншым. Але мясцовы і вокам не павёў, так і працягваў пільна глядзець. Давід, смеючыся, паказаў яму пальцам на аварыю, тут з крыкамі падбег і абураны кіроўца другога аўто. Але той паказаў яму на беларуса і яны абодва, як зачараваныя, глядзелі на Давіда ўдваіх, нібы забыўшыся на сутыкненне. У рэшце рэшт, адзін з іх праз хвіліну махнуў рукой, закінуў бампер у багажнік і паехаў далей


Аляксандр Ляшчынскі

З 10 гадоў займаўся самба і дзюдо. У трэнажорную залу разам з бацькам хлопец пачаў хадзіць у старэйшых класах. Праўда, задавальнення для юнака было мала — адчуваў, што яго выдатнай фізічнай формы больш патрабуе бацька, які заўсёды сачыў за развіццём сына.

Пастапіўшы ж у вну, хлопец зноў вярнуўся да адзінаборстваў - выступаў на спаборніцтвах па рукапашным баі, самба, баявым самба, дзюдо пакуль не здарыўся пераломны момант.

«На этапе Кубка свету па баявым самба ў Мінску першы бой я прайграў. Адчуў, што стаміўся ад адзінаборстваў і вырашыў проста падтрымліваць форму ў трэнажорнай зале», — расказвае Саша.

Хлопец пачынаў трэніравацца сам, потым пад кіраўніцтвам трэнера, які паставіў тэхніку, навучыў асновам правільнага харчавання. Калі ж спартсмен убачыў вынік, то пачаў выступаць на спаборніцтвах па бодзібілдынгу, у чым сябе і знайшоў.

Важней за ўсё ў гэтай справе — упартая праца на вынік і мэта, для якой ты гэта робіш, лічыць Саша. Ніводзін прэпарат, ні адна методыка не заменіць цяжкой працы. Хочаш вынік — прыйдзецца папацець, перакананы спартсмен.

Да ўвагі хлопец прывык — і ў зале, і на вуліцы людзі падыходзяць, часам нават кансультуюцца.

«Цяпер гэта папулярна і людзі хочуць выглядаць добра, гэта цалкам нармальна і апраўдана. Што тычыцца дзяўчат, вядома, большасць прыцягвае прыгожае мужчынскае цела, як і мужчын прыгожае жаночае, над якім праведзена пэўная работа», — разважае Саша.

Саша Ляшчынскі з жонкай Сімай
Самая ж галоўная дзяўчына ў жыцці Сашы ўжо звярнула на яго ўвагу — гэта яго жонка, з якой нават першае спатканне было на трэніроўцы. Таму Саша асабліва абавязаны спорту і лічыць сябе шчаслівым чалавекам.

У планах спартсмена ў наступным годзе з’ездзіць на спаборніцтвы на еўрапейскія турніры, магчыма выступіць у Расіі і Украіне.

[irp posts="48 512″ name="На любы біцэпс і кашалёк: моцныя і слабыя бакі гродзенскіх трэнажорак"]

Андрэй Ашмян

Марыў трэніравацца і стаць моцным яшчэ з дзяцінства. Тады яго, як і многіх хлапчукоў, натхнялі фільмы са Шварцэнегерам. Андрэй мяркуе, што дзякуючы спорту ён мае добрае самаадчуванне, энергічнасць, дысцыплінаванасць і стройнае цела. Спартсмен кажа, што для лепшага эфекту ад трэніровак трэба кардынальна змяніць рэжым, культуру харчавання і весці актыўны лад жыцця.

Зараз Андрэй і сам трэніруе ахвотных. У асноўным, яго кліенты просяць дапамагчы знізіць вагу. Хлопец прызнаецца, што прасцей і больш эфектыўна працаваць з дзяўчатамі, паколькі яны больш працавітыя і вынослівыя.

На трэніроўках падчас працы Андрэй любіць і павесяліцца, і часам патанцаваць. Ён кажа, што пра сваю будучыню і тое, чаго хочаш дасягнуць, варта задумвацца часцей. А для таго, каб усё ажыццявілася, працаваць трэба сёння.


Арцём Гоглеў

Кажа, што любоў да трэніровак мае яшчэ з пялёнак, і ў спорт трапіў дзякуючы бацьку. Ён прывёў Арцёма ў залу, калі той яшчэ не ўмеў хадзіць. І пакуль бацька трэніраваўся, сын актыўна спазнаваў тэрыторыю баксёрскага рынга.

Арцём перакананы, што спартыўнае жыццё не толькі загартоўвае, арганізоўвае і ўмацоўвае здароўе, але і развівае лідарскія якасці. А калі да працы з жалезам дадаць кардыё-трэніроўкі, шпацыры на свежым паветры, катанне на ровары або каньках ці роліках, то эфект будзе яшчэ большы.

На пытанне, ці заляцаюцца падчас яго працы трэнерам дзяўчаты, Арцём кажа, што ў яго кліентак не застаецца на гэта сіл. Яны радыя аднаму — што трэніроўка нарэшце скончылася.

Каб быць у выдатнай форме, спартсмен раіць мець пастаяннасць у трэніроўках, збалансаванасць у харчаванні, моцны сон і як мага больш пазітыву.

Што да ляноты, то, па словах Арцёма, яе ў яго не бывае:

«Я ўвесь час хачу трэніравацца! Не лянуюся і проста атрымліваю задавальненне ад трэніровак — гэта мой наркотык», — кажа Арцём.


Арцём Грушын

Спортам пачаў захапляцца з 13 гадоў. А прычынай стала «дахлаватае» цела. Вынослівасці хлопцу хапала, а вось над памерамі цела хацелася папрацаваць. Арцём пайшоў да бацькі і папрасіў яго купіць першыя гантэлі, яны былі па 3 кг.

Цяпер Арцём актыўна развівае ў нашым горадзе кросфіт. Сам ён шмат разоў станавіўся прызёрам рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, на нядаўніх спартсмен увайшоў у дзясятку наймацнейшых атлетаў сярод краін СНД. Арцём кажа, што ўсе рухі, з якіх складаецца кросфіт, з’яўляюцца функцыянальнымі. Нездарма многія краіны свету для падрыхтоўкі ваенных, паліцэйскіх, ратавальнікаў перайшлі альбо пераходзяць на сістэму падрыхтоўкі кросфіт. Мінусы ж у гэтым накірунку могуць быць толькі на прафесійнай арэне, як і ў любым іншым прафесійным відзе спорту.

У Гродне кросфіт толькі набірае папулярнасць. У 2013 годзе, калі Арцём пазнаёміўся з ім, пра кросфіт мала хто ведаў. Яшчэ менш людзей ведалі, як правільна скласці трэніровачны працэс, бо ў кросфіце неабходна аб’ядноўваць даволі шмат методык. Зараз жа ў Гродне ёсць тры залы, дзе выкладаюць гэты від спорту.

Асноўная праблема, з якой да Арцёма прыходзяць як да трэнера — гэта лішняя вага. Прыходзяць і каб палепшыць фізічную падрыхтоўку, тонус цела. Менш людзей хочуць набраць мышачную масу і развіць менавіта атлетычную фігуру. І самая малая група людзей хоча выступаць на спаборніцтвах па кросфіту ў нашай краіне і за мяжой.

Для Арцёма прынцыповай розніцы з кім працаваць няма. Гэта датычыцца і полу, і ўзросту. Ён кажа, што ў гэтым відзе падрыхтоўкі людзей ёсць сістэма маштабавання, якая дазваляе падабраць нагрузку індывідуальна пад кожнага. Але пры гэтым Арцём жартуе, што з хлопцамі працаваць трошку прасцей, бо дзяўчаты больш капрызныя.

Як мець развітае атлетычнае цела? Арцём кажа, што кожны арганізм мае розную хуткасць метабалізму і праходжання ўнутраных працэсаў. Не існуе выразнага шаблону дзеянняў на шляху да атлетычнага целаскладу. Галоўнае, мець канчатковую мэту, бачыць, якім хочаш быць. Пасля гэтага разбіваць гэты шлях на маленькія падмэты і крок за крокам дасягаць іх. Таксама варта прыслухоўвацца, што кажа цела і ўносіць папраўкі ў трэніровачны працэс і запасціся цярпеннем.

А калі падкрадваецца лянота, трэба ўспомніць, дзеля чаго ўсё пачыналася. Мэта не дасць ляноце і шанцу. А калі ад трэніровак атрымліваць задавальненне, то яе не ўзнікне. Што датычыцца Арцёма, то ў яго, як прафесійнага атлета, паняцця ляноты няма наогул. Ды і лянавацца няма калі - бо штодзень ён мае па дзве трэніроўкі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024