Каля 140 гродзенцаў выйшлі 23 лютага на старт забегу «OldCityRun». Удзельнікі пераадольвалі дыстанцыю ад 5 да 23 км. Да канчатковай кропкі дабеглі больш за 50 чалавек.

«Гэта наш другі забег, які мы арганізоўваем сумесна з бегавых клубам Run4fun, — распавядае маркетолаг ГЦ OldCity Сяргей Іваноў. — Калі ў мінулым годзе на старт выйшлі каля 80 чалавек, то ў гэтым амаль у два разы больш. Мы рады, што бегавы кірунак у Гродне развіваецца і нам удвая прыемна, што мы гэтаму спрыяем».

На нядзельную прабежку вакол горада выйшлі не толькі прафесійныя бегуны, але і аматары. Кожны ўдзельнік атрымаў памятны медаль.

«У нас агулам у гэтым годзе ўсюды ўдзельнічае вялікая колькасць гродзенцаў, — распавядае кіраўнік бегавога клуба Run4fun Аляксей Чамаданаў. — Прыходзяць новыя людзі і мы пачынаем «разбегваць» Гродна мацней. І кожнае наша мерапрыемства б’е рэкорды. Так было ў пачатку года з «Забегам цвярозасці». І я прадчуваў, што так будзе і з «OldCityRun».

Больш гродзенцаў пачынаюць бегаць, усё больш папулярны здаровы лад жыцця. Нават звычайныя медалі на такіх забегах матывуюць людзей прыняць удзел. Сезон толькі пачынаецца, наперадзе нас чакае шмат цікавых стартаў".

Наступнае мерапрыемства ў Гродне для аматараў бегу пройдзе ў сакавіку на ЦСК «Нёман».
Гродзенцам прапануюць прыняць удзел у забегу «Гродзенская вясна (гадзінны бег)».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life