Пасяджэнне эканамічнага суда, на якім вырашыцца лёс «Цэнтра гарадскога жыцця», адбудзецца 12 траўня. Ад моманту адкрыцця ўстановы ў Гродне мінула пяць гадоў. За гэты час у «Цэнтры» прайшло шмат мерапрыемставаў, якія адыгралі важную ролю ў культурным жыцці горада. Hrodna.life сабраў топ-10 падзей і імпрэзаў, што найбольш уразілі гараджан.

Чаму могуць закрыць «Цэнтр»?

«Цэнтр гарадскога жыцця» — гэта прыватная адукацыйна-культурная пляцоўка. Тут прайшлі сотні мерапрыемстваў, выступалі музыкі, праходзілі заняткі курсаў беларускай мовы «Мова Нанова», вясной 2020 года збіралі ахоўныя экраны для медыкаў. На кіраўніка пляцоўкі Паўла Мажэйку, мастака Алеся Пушкіна і «іншых асоб» 26 сакавіка завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодекса за дзеянні, нібыта накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму.

Паводле іску, пракурор горада Уладзімір Клішын палічыў, што адна з дэманстраваных у «Цэнтры» карцін парушае закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Праз гэта ён патрабуе ліквідацыі «Цэнтра гарадскога жыцця». Клішын спасылаецца на арт. 81 Кодэкса аб культуры. Згодна з ім працу культурнай установы можна забараніць, калі яна прапагандуе вайну, экстрэмісцкую дзейнасць, гвалт, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, расавую нецярпімасць або варожасць, парнаграфію ці падбухторванне да здзяйснення злачынстваў.

1. Мерапрыемствы ад Hrodna.life

За час існавання «Цэнтра гарадскога жыцця» рэдакцыя Hrodna.life правяла на пляцоўцы «Цэнтра» тры прэзентацыі ўласных кніг («Горад адзін, успаміны розныя», «Гісторыі з гродзенскіх вуліц», «Гарадзенкі». Рэдакцыя таксама прэзентавала ў Цэнтры каляндар «Гэта — МЫ» і дапамагала ў арганізацыі некалькіх фотавыстаў. Тут паказвалі спектаклі паводле знойдзенага дзённіка вязня гродзенскага гета. Галоўную ролю граў журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч.

На прэзентацыі кнігі Руслана Кулевіча "Горад адзін, успаміны розныя" ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота: Ірына Новік
На прэзентацыі кнігі Руслана Кулевіча «Горад адзін, успаміны розныя». Фота: Ірына Новік

«„Цэнтр гарадскога жыцця“ вельмі цёпла ставіўся да мастакоў, і гэтае пачуццё было, безумоўна, узаемным. Не пералічыць, колькі тут было зладжана мастацкіх выставаў, колькі адбылося сустрэч. Гэта апошнім часам было ці не адзінае месца ў горадзе, дзе можна было паслухаць разумных людзей, паўдзельнічаць у важных абмеркаваннях, паслухаць файную жывую музыку, сутыкнуцца з незалежным тэатрам і кіно», — кажа мастак-манументаліст Сяргей Грыневіч.

Ён падкрэслівае: «Цэнтр» істотна адрозніваецца ад звычайных галерэй тым, што ўсе імпрэзы абавязкова суправаджаюцца дыскусіямі і спрэчкамі.

2. «Мова Нанова«

«Цэнтр гарадскога жыцця» стаў домам для штотыднёвых курсаў беларускай мовы «‎Мова Нанова». За гэты час на курсах сфармаваўся пастаянны касцяк слухачоў. Агулам праз іх прайшло вельмі шмат гродзенцаў. На «‎Мова Нанова» падымалі розныя тэмы і сустракаліся з вядомымі беларусамі, знакамітымі музыкамі ці экспертамі ў розных галінах. Два гады запар разам з «Цэнтрам гарадскога жыцця» «‎Мова Нанова» праводзілі дзіцячую ялінку.

Падчас курсаў "Мова Нанова" ў Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота: "Мова Нанова"
Падчас курсаў «Мова Нанова» у Гродне. Фота: «Мова Нанова»

3. Выстава World Press Photo — 2019

У жніўні 2019 года ў «Цэнтры гарадскога жыцця» адкрылася фотавыстава World Press Photo. Працы фатографаў з усяго свету расказвалі пра сацыяльныя, экалагічныя, палітычныя праблемы планеты. На той момант Гродна быў адзіным горадам у Беларусі, дзе можна было пабачыць выставу.

На фотавыставе World Press Photo - 2019. Фота: Алена Кавальчук
На фотавыставе World Press Photo — 2019. Фота: Алена Кавальчук

4. Міжнародны фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus

У 2018−2019 гадах «Цэнтр гарадскога жыцця» стаў пляцоўкай для міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus аб правах чалавека, які з 2015 года рэгулярна праходзіць у Мінску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі. На сустрэчах гродзенцы глядзелі найлепшыя фільмы фестывалю, сустракаліся з рэжысёрамі і абмяркоўвалі карціны.

Фестываль WATCH DOCS у Гродне ў 2018 г у Цэнтры гарадскога жыцця. Фота: Hrodna.life
Фестываль WATCH DOCS у Гродне ў 2018 г. Фота: Hrodna.life

У снежні ў «Цэнтры» адбыліся дзве выставы вядомай гродзенскай мастачкі Валянціны Шобы. На адной з іх яна прэзентавала працу, за якую ў 2015 годзе атрымала ў Парыжы прэстыжную прэмію Тэйлара.

Валянціна Шоба на адкрыцці выставы ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота: Іван Цыркуновіч
Валянціна Шоба на адкрыцці выставы. Фота: Іван Цыркуновіч

«Стваральнік „Цэнтра“ Павел Мажэйка — прадстаўнік новай інтэлігенцыі, які раптам вырашыў, што нам патрэбна сканцэнтраваць вакол аднаго месца ўсё самае лепшае, што адбываецца ў нас у Беларусі: кнігі, музыку, выставы. І ў яго гэта выдатна атрымліваецца. Ён цудоўна разумее і адчувае, што ёсць мастацтва, тонкая творчасць, праз якую ствараецца вядомасць нашай краіны як краіны наогул», — кажа Валянціна Шоба.

5. Дыскусія «Брэнды Гародні»

У лістападзе 2018 года ў «Цэнтры» абмяркоўвалі брэнд Гродна. Да адкрытага абмеркавання запрашалі дзеячоў культуры і мастацтва, прадстаўнікоў культурніцкага і творчага бізнесу, грамадскіх актывістаў, журналістаў, студэнтаў і ўсіх неабыякавых да Гродна людзей.

У час дыскусіі “Брэнды Гародні” ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фото: Радыё Рацыя
У час дыскусіі «Брэнды Гародні». Фото: Радыё Рацыя

6. Міжнародная сустрэча «Дзень і ноч танцаў»

У кастрычніку 2018 года «Цэнтр» стаў пляцоўкай для сотні ўдзельнікаў вечарыны традыцыйных танцаў. Такія танцы раней былі папулярныя ў жыхароў беларускіх вёсак і мястэчак, а веды пра іх перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

"Дзень і ноч танцаў" у "Цэнтры гарадскога жыцця". Фота: Кацярына Гардзеева
«Дзень і ноч танцаў» у «Цэнтры гарадскога жыцця». Фота: Кацярына Гардзеева

7. Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова»

У 2019−2020 гадах у «Цэнтры гарадскога жыцця» праходзіў літаратурны фестываль «Прадмова». Акрамя праграмы для дарослых, былі дзіцячыя чытанні, а таксама музычная выступы. На пляцоўцы «Цэнтра» разам збіраліся найвядомейшыя сучасныя літаратары, філосафы і выдаўцы Беларусі.

Ад прэзентацый кніг да выступаў актораў. Топ-10 падзей "Цэнтра гарадскога жыцця", які хочуць закрыць
Аўтограф-сесія на фестывалі «Прадмова» ў 2020 годзе. Фота: Ірына Новік

У «Цэнтры гарадскога жыцця» адбываецца шмат асветніцкіх і адукацыйных мерапрыемстваў: круглыя сталы, дыскусіі, лекцыі. Вялікая ўвага надаецца беларускай гісторыі і яе папулярызацыі.

«За гады свайго існавання „Цэнтр гарадскога жыцця“ стаў сапраўды ўнікальнай пляцоўкай у жыцці горада. Тут праводзіліся міжнародныя навуковыя канферэнцыі па гісторыі. Нічога падобнага ў гарадзенскім універсітэце не адбывалася — па ўзроўні навуковасці і прысутнасці замежных калегаў. Гэта пляцоўка, на якой адбываліся прэзентацыі кніжак. Я сам двойчы рабіў прэзентацыі сваіх навуковых кніг», — кажа доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Смалянчук.

8. Дні Каліноўскага

У кастрычніку 2019 года ў дворыку на Кірава, 3 размясцілі пано, прысвечанае Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам 1863−1864 гадоў. Пано называлася «За нашу і вашу свабоду». Яго стварылі супольна з «Цэнтрам гарадскога жыцця». Над пано працавалі мастак-манументаліст Сяргей Грыневіч, малады дызайнер-каліграф Віктар Барташэвіч, дызайнеры Андрэй Радзівонаў і Ірына Варкулевіч.

Ад прэзентацый кніг да выступаў актораў. Топ-10 падзей "Цэнтра гарадскога жыцця", які хочуць закрыць
Пано, прысвечанае Кастусю Каліноўскаму. Фота Hrodna.life

9. Штаб валанцёраў для дапамогі медыкам

Падчас першай хвалі пандэміі ў красавіку 2020 года «Цэнтр гарадскога жыцця» стаў пляцоўкай для пашыву масак, халатаў і ахоўных экранаў для медыкаў. Любы гродзенец мог прыйсці ў «Цэнтр» і стаць валанцёрам, і так дапамагчы медыкам у барацьбе з каранавірусам. Валанцёры тады сабралі каля 10 тысяч ахоўных экранаў для твараў, пашылі і размеркавалі ў медычныя ўстановы некалькі тысяч ахоўных супрацьчумных касцюмаў.

Ад прэзентацый кніг да выступаў актораў. Топ-10 падзей "Цэнтра гарадскога жыцця", які хочуць закрыць
Валанцёры робяць экраны для медыкаў. Фота: Кацярына Гардзеева

10. Прастора для актораў

У верасні 2020 года «Цэнтр гарадскога жыцця» стаў пляцоўкай для выступаў гродзенскіх актораў, якія сышлі з драмтэатру па палітычных матывах. Пасля жнівеньскіх падзеяў, звязаных з выбарамі прэзідэнта Беларусі, у Гродне аб’ядналіся некалькі дзясяткаў актораў і працаўнікоў тэатраў. Яны стварылі творчы рух «Асобы». Месцам для выступаў актораў стаў «Цэнтр гарадскога жыцця».

У час выступу акцёраў у дворыку на Кірава, 3 у Цэнтры гарадскога жыцця
У час выступу акцёраў у дворыку на Кірава, 3

«„Цэнтр“ — гэта цудоўная пляцоўка, дзе можна сустракацца, рабіць цікавыя праекты, рэалізоўваць смелыя задумы, якія вельмі актуальныя і патрэбныя ў цяперашні час. Магу адзначыць, напрыклад, пастаноўку „(Не)растраляная паэзія“, якую мы зрабілі ў „Цэнтры“ ў „ноч паэтаў“», — кажа Сяргей Курыленка, заслужаны артыст Беларусі, рэжысёр-пастаноўшчык драматычнага тэатру ў Гродне, звольнены за сваю пазіцыю пасля жнівеньскіх падзей мінулага году

«Такая пляцоўка, як „Цэнтр гарадскога жыцця“, вельмі патрэбна нашаму гораду. Тут заўсёды можна пабачыць новыя выставы, сустрэцца з цікавымі, творчымі людзьмі, пазнаёміцца з цікавымі праектамі. Тут заўсёды ёсць, на што паглядзець. Калі такой прасторы не будзе, то што тады застаецца? Хадзіць у шыхту?», — адзначае Сяргей Курыленка.

Павел Мажэйка: «Думаю, ёсць палітычны заказ»

Дырэктар «Цэнтра гарадскога жыцця» Павел Мажэйка рыхтуецца да рашэння аб ліквідацыі прасторы. «Думаю, ёсць палітычны заказ, які выконваецца — стаіць задача ліквідаваць досыць папулярную пляцоўку ў горадзе. У наш час нездарма заводзяцца справы, якія шытыя белымі ніткамі, людзі абсалютна не замарочваюцца з доказамі. Чакаць цуду не варта, — лічыць Павел. — Калі гаворка ідзе не толькі аб працы „Цэнтра“ як нейкай установы або інстытуцыі, а наогул аб здольнасцях творчых людзей горада працаваць, рэалізоўваць сябе, хацець пераменаў, у гэтым плане [ліквідацыя цэнтра — Hrodna.life] ніяк не паўплывае».

Мажэйка дадае, што за апошнія 27 гадоў грамадзянскай супольнасці ніколі не было лёгка, асабліва ў Гродне. Былі толькі рэдкія пробліскі, калі ўлада не прэсавала моцна.

«Так што актыўныя людзі да такіх умоў прывыклі. Я ўпэўнены, што на месцы нашага зачыненага „Цэнтра“ з’явіцца яшчэ дзясятак. Гарадзенцы шануюць свабоду, праўду, свабодную творчасць і перамены да лепшага. Падзеі апошніх месяцаў даказалі гэта», — сказаў Павел Мажэйка.

КАПУ «Цэнтр гарадскога жыцця»
УНП 591 022 550

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.