На сайце Гродзенскага аўтобуснага парку праходзіць галасаванне за найлепшы дызайн праязных карт. На конкурс паступіў 41 варыянт, а аддаць свой голас за ўпадабаны можна да 5 лістапада ўключна. Але з галасаваннем ёсць праблема. Гродзенцы адзначаюць, што сістэма галасавання працуе некарэктна: пасля выбару варыянта пачынаецца «вечная» загрузка, вынікі галасавання не адлюстроўваюцца, а пасля абнаўлення старонкі з’яўляецца магчымасць галасаваць паўторна.
Прыём работ на конкурс завяршыўся 31 кастрычніка 2025 года. Дызайнеры павінны былі ўлічваць тэхнічныя параметры карткі — фармат 85,6×54 мм, тып RFID / MIFARE / NFC, а таксама абавязковае выкарыстанне лагатыпа прадпрыемства.
Заказчык даў пажаданні: розныя каляровыя варыянты для навучэнцаў, пенсіянераў і работнікаў, магчымасць размяшчэння QR-кода або даведачнай інфармацыі, а таксама наяўнасць «зоны цішыні» — водступу без друку не менш за 3 мм па перыметры.

Тым не менш, частка ўдзельнікаў даслала толькі адзін варыянт дызайну або зусім не выкарыстала лагатып. Такія работы таксама дапусцілі да ўдзелу.

Сярод прадстаўленых макетаў ёсць і кур’ёзныя варыянты — напрыклад, дызайн з выявай замка ў Выбаргу, які не мае дачынення да Гродна.

Трапляюцца і карты з арфаграфічнымі памылкамі, імаверна, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту — на адной з іх, напрыклад, напісана «проезная карта».



