Прадпрыемства “Маёнтак Падароск” накіравала прэтэнзію ў аддзел культуры Ваўкавыскага раёна з патрабаваннем “спыніць незаконнае валоданне і распараджэнне чужой маёмасцю”. Незаконным яго робіць наяўнасць чужой маёмасці ў аб’екце продажу.
Аддзел культуры Ваўкавыскага райвыканкама выставіў на продаж канфіскаваную ў Паўла Падкарытава ў 2023 годзе сядзібу ў аграгарадку Падароск Гродзенскай вобласці.
Сярод маёмасці, якая прадаецца, ёсць як мінімум адзін аб’ект, які не з’яўляецца ўласнасцю аддзела культуры райвыканкама, кажуць на прадпрыемстве.
Што за аб’екты Падкарытаў лічыць сваімі і чаму
Гэта размешчаны ў руінах стайні шматфункцыянальны павільён са складнікамі і прыналежнасцямі. Павільён быў зроблены кампаніяй “ЮПК-Строй” па асабістай замове Падкарытава і перададзены УП “Маёнтак Падароск” на праве гаспадарчага кіравання. Такі ж павільён размешчаны ў аб’екце “кузня”.
Павільёны – часовыя збудаванні, якія планавалася размясціць на тэрыторыі сядзібы паводле праекту, зацверджанага Міністэрствам культуры. Іх мелі прыстасаваць пад аб’екты прыдарожнага сэрвісу: кафэ і краму. Яны самі не з’яўляюцца ні аб’ектамі нерухомасці, ні неаддзельнымі паляпшэннямі тых аб’ектаў, якія Падкарытаў набыў у аддзела культуры ў 2013 годзе.
Такім чынам, часовыя збудаванні застаюцца ўласнасцю Падкарытава і знаходзяцца ў гаспадарчым кіраванні УП “Маёнтак Падароск” дагэтуль.
Дэмантаж не дазволілі
Падчас выканання рашэння суда аб вяртанні сядзібы ва ўласнасць аддзела культуры гэтыя павільёны не арыштавалі і не апісалі. І ў выніку не перадалі аддзелу культуры.
У 2024 і 2025 гадах УП “Маёнтак Падароск” некалькі разоў прапаноўваў аддзелу культуры вырашыць лёс сваёй уласнасці дагаворным спосабам. Але адказу па сутнасці не атрымаў. Аддзел культуры таксама забараніў дэмантаж, пагражаючы звярнуцца ў праваахоўныя органы пры яго спробе.
“Фактычна цяпер аддзел культуры незаконна спрабуе прадаць чужую маёмасць, – кажуць на прадпрыемстве. – Важна таксама папярэдзіць патэнцыйнага пакупніка аб тым, што ён мімаволі можа выступіць у якасці саўдзельніка ў парушэнні чужых правоў уласнасці”.
“Будзе абавязаны вярнуць маёмасць”
Таксама ёсць іншыя “абцяжарваючыя абставіны”. Напрыклад, у сядзібе няма крыніцы водазабеспячэння. Каналізацыйны калектар трэба дэмантаваць, а затым пабудаваць новы, зацверджаны новым праектам.
У сядзібе няма крыніцы цеплазабеспячэння, газаправод для забеспячэння сядзібы цяплом прыйдзецца цягнуць на значную адлегласць, што звязана з вялікімі выдаткамі.
-І, вядома ж, заўсёды будзе рызыка адмены рашэння суда 2023 г. аб канфіскацыі маёмасці Падкарытава (усе дакументы старанна захоўваюцца), адпаведна, новы пакупнік можа быць прызнаны нядобрасумленным і будзе абавязаны вярнуць маёмасць законнаму ўладальніку, – нагадваюць аўтары паста.
Чытайце таксама: На адабраныя ў мецэната аб’екты ў Падароску прызначылі даты аўкцыёнаў



