Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей закупляе ігральныя карты фабрыкі Лапіных. Гэта калода з 24 карт малога памеру, якія выпускалі ў Гродне 100 гадоў таму

За калоду гатовыя заплаціць 295 рублёў. Гэтыя грошы знойдуць у абласным бюджэце. Карты павінны купіць да 29 снежня.

Што гэта за карты і чаму яны важныя для гісторыі Гродна

Музей закупляе набор з фабрыкі ігральных карт братоў Лапіных, якая працавала ў Гродне ў 1920−1940-х гадах. Яна размяшчалася ў доме па вуліцы Будзёнага, 56, дзе цяпер працуе «Белмытнясэрвіс».

У 2015 годзе падчас рамонту будынкаў журналіст Hrodna.life (тады яшчэ «Твой стыль») знайшоў у будаўнічым смецці некаторыя карты, уключаючы яшчэ неразрэзаныя лісты. Рэдакцыя перадала іх у Гродзенскі абласны гісторыка-археалагічны музей. Гэта выклікала масавую цікавасць да карт Лапіных. Адну з іх калод нават перавыдалі ў Гродне.

Арыгінальныя калоды Лапіных нячаста з’яўляюцца ў адкрытым продажы. Адна з такіх калод у кастрычніку 2023 года сышла з польскага аўкцыёну Allegro за 179 Еўра.

Што яшчэ закупляе музей для калекцыі

Яшчэ больш за 17 000 рублёў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей выдаткуе на закупку іншых экспанатаў. Сярод іх карціны сучасных беларускіх мастакоў, шкляная селядочніца, зробленая на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы, старыя фота Гродна і альбом «Беларускі народны арнамент» 1953 года. Каштоўнасць альбома для гісторыі Гродна ў тым, што яго надрукавалі ў колеры на той жа былой фабрыцы братоў Лапіных.