У Лідзе ў гіпермаркеце «Родны кут» па вуліцы Тухачэўскага ўжо некалькі месяцаў не працуюць усе таварныя стужкі на касах. І паправіць іх пакуль нельга: з-за санкцый паставіць патрэбнае абсталяванне ў Беларусь не могуць.
Наконт зламаных касавых стужак у «Лідскую газету» звярнулася мясцовая жыхарка.
— Я разумею, што любое абсталяванне можа зламацца і часам патрэбны час, каб яго паправіць. Але я не разумею, чаму ў гэтай краме зламаліся ўсе стужкі адначасова і ўжо некалькі месяцаў стаяць «мёртвым грузам»? Гэта стварае нязручнасці не толькі пакупнікам, але і прадаўцам, якія вымушаны ўсе нагружаныя на канвеер прадукты штурхаць, пхаць і падсоўваць да касы. Калі таварныя стужкі будуць працаваць тут таксама, як і ва ўсіх іншых супермаркетах? — пацікавілася ў дзяржаўнага выдання лідчанка.
Дырэктар Лідскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Крысціна Вадзейка патлумачыла, што гандлёва-тэхналагічнае абсталяванне ў гіпермаркеце — імпартнай вытворчасці. З-за гэтага ўзніклі складанасці з заменай камплектуючых. Цяпер пастаўшчык не можа забяспечыць дастаўку дэталяў у Беларусь. Пытаннем займаецца кіраўніцтва спажыўкааперацыі.
Нагадаем, пад еўрапейскія санкцыі трапілі некалькі лідскіх прадпрыемстваў. Напрыклад, завод «Оптык», аўтазборачная вытворчасць «Нёман» Мінскага завода колавых цягачоў, ААТ «Лідаграпраммаш», ААТ «Лакафарба», холдынг «Лідсельмаш».