Маркетынг-дырэктар кампаніі «Лідскае піва» Алена Хомчанка прапанавала задаць пытанні аб прадукцыі брэнда ў Threads. Галінка хутка стала папулярнай — набрала больш за 27 тысяч праглядаў і больш за 300 каментарыяў. Беларусы пыталіся пра ўсё: ад аб’ёму бляшанак да безалкагольных гатункаў і знікнення з асартыменту некаторых напояў.

Жалезныя бляшанкі для беларускага піва робяць у Расіі

Адзін з падпісчыкаў пацікавіўся, чаму піва прадаецца ў бляшанках аб’ёмам 0,45 літра, а не звыклых 0,5. Хомчанка патлумачыла, што ўся алюмініевая тара для беларускага піва вырабляецца ў Расіі. Пераход на новы фармат звязаны з асаблівасцямі расійскага акцызнага заканадаўства.

«Гэта адзіная даступная нам тара на сённяшні дзень. З Еўропы вазіць не можам, — патлумачыла прадстаўніца кампаніі. — Мы самі можам піва, а вось бляшанку даводзіцца купляць. У Беларусі няма ўласнай вытворчасці бляшанкі».

Медавухі і радлераў не будзе

Піўны напой з манга «слаба пілі» — вытворчасць спынілі паўтара года таму: NEIPA знікла, каб «даць паліцу новым смакам». Тое ж з ізатонікамі. Той жа лёс чакаў «Лагер 145 Ідэалъ» — напой у мутнай бутэльцы, які многія называлі адным з найлепшых гатункаў бровара.

Таксама цікавіліся, ці плануе «Лідскае піва» выпуск медавухі. Яна, паводле ацэнкі кампаніі, «не надта цікавая з пункту гледжання продажаў». Радлераў таксама не будзе з-за «трэндаў на рынку». Фірма «ацэньвае патэнцыял» па выпуску элеў. Яшчэ адным запытам было зрабіць напой са смакам энергетыка — але без эфекту энергетыка.

«Дзе мая NEIPA і медавуха?». Маркетынг-дырэктар “Лідскага піва” адказала на пытанні пра новыя смакі і зніклыя напоі
На заводзе ў Лідзе. Фота: з архіва, носіць ілюстрацыйны характар

Як выбіраюць гатунак

У абмеркаванні некалькі разоў успомнілі таматнае піва sour gose.

«Мне хацелася б нешта такое Вам паабяцаць, але насамрэч мы пастаянна шукаем смакі, якія будуць: 1) цікавымі і нешаблоннымі, 2) дастаткова масавымі, каб гэта мела камерцыйны сэнс. Вытворчасць вельмі вялікая, і партыі разліву таксама <…> Я сама люблю гэты смак. Але ён вельмі і вельмі нішавы, калі казаць у тэрмінах вялікай прамысловай вытворчасці. І дарагі, так».

Без цукру — але не адразу

Адзін з карыстальнікаў спытаў, чаму «Лідскае» не выпускае цалкам безцукровыя напоі, як у Еўропе.

«Чаму не пачаць рабіць усе безалкагольныя напоі без цукру? Там гэта мае поспех. А ў Беларусі даводзіцца выбіраць паміж 7UP, кока-колай і энергетыкамі».

На гэта Хомчанка адказала:

«Таму што не толькі мы (завод-ботлер) гэта вырашаем. Але мы рухаемся ў той бок. Актыўна. Pepsi Zero спрабавалі?»

Пытанні аб якасці

Некаторыя падпісчыкі цікавіліся, чаму смак піва часам адрозніваецца ад партыі да партыі. Алена нязменна казала, што і тэхналогія, і рэцэпты аднолькавых прадуктаў не мяняюцца.

«Я вельмі люблю лідскае піва. Але бывае такое, што партыя рэальна кіслая, і тут у мяне пытанне, хто яго прапускае ў продаж. Як такое адбываецца?», — напрыклад, спытаў адзін з карыстальнікаў.

«Дзе мая NEIPA і медавуха?». Маркетынг-дырэктар “Лідскага піва” адказала на пытанні пра новыя смакі і зніклыя напоі
Фота: shakal.today, носіць ілюстратыўны характар

«Суп-брыкецікі» і калабарацыі

У каментарах прапаноўвалі нечаканыя калабарацыі з лідскімі прадпрыемствамі:

«Хацелася б піўны суп-брыкецік ад Лідкон, можна яшчэ і піўнае жэле, мучную сумесь для бліноў на піве ад Лідскай мукі, модны колер фарбы «піўная светлая нефільтраваная» ад Лідскай лакафарбы!

Кеды з «Лідскім півам» ад Лідскай абутковай фабрыкі ўжо ёсць, дзякуй", — ці то жартам, ці то ўсур'ёз прапанаваў адзін з карыстальнікаў.

«Вось ГЭТА я разумею палёт думкі! Шырока. Узяла ў разумовы працэс», — адказала Алена.

Таксама прагучала прапанова зладзіць «піўную мілю» ці марафон у Лідзе:

«Усе ж ведаюць, што піва лепшы ізатонік, а лідскае піва — лепшы ізатонік у Беларусі 🙂 А, напрыклад, 42 195.by дапамаглі б з тэхнічнай арганізацыяй. Такі актоуберфэст для гнуткіх злжнікаў. У Пльзені наогул пайшлі далей, і забег праходзіць нават па скляпах піўзавода. Гэта мая маленькая мара + з ростам цікавасці да бегу і бегавых мерапрыемстваў гэта будзе супер-фішка завода/рэгіёна (хоць з квасам, хоць з нулёвачкай). І хто наогул прыдумаў, што піва і спорт на розных полюсах?», — спытала беларуска.

«Дзе мая NEIPA і медавуха?». Маркетынг-дырэктар “Лідскага піва” адказала на пытанні пра новыя смакі і зніклыя напоі
«Піўная міля». Фота: sports.ru, носіць ілюстрацыйны характар

У размову ўключылася і дырэктар па маркетынгу Modum Вольга:

«Час рабіць калабарацыю», — напісала яна

У каментарах тут жа з’явіліся жартаўлівыя ідэі:

«Крэм для павекаў. З энергетыкам! Падыме павекі з раніцы! Сам! Парам-пам-пам!» — прапанавала яшчэ адна карыстальніца. «Алена, вы — геній! Бярэм!» — падтрымала ідэю маркетолаг Modum.

«І патчы з марозівам», — дадала іншая дзяўчына.