У Гродне абмяркоўваюць новы этап будаўніцтва сучаснага фізкультурна-аздараўленчага комплексу з тэніснымі кортамі. Новы аб’ект можа з’явіцца на вуліцы Палявой. Пабудаваць яго хоча гродзенская кампанія па міжнародных перавозках «Сейфтрак».
Будучы спартыўны комплекс размешчаны ў гісторыка-культурнай зоне катэгорыі «1» — у гістарычным цэнтры Гродна. Перад рэалізацыяй праекта спецыялісты правядуць ацэнку яго ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Пасля гэтага пройдуць грамадскія абмеркаванні.
UPD. Грамадскія абмеркавання пачаліся 3 верасня і працягнуцца да 3 кастрычніка 2025 года. Са справаздачай аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) можна пазнаёміцца на сайце Гродзенскага гарвыканкама. Заўвагі і прапановы можна накіроўваць у гарвыканкам (пл. Леніна, 2/1, 230 023, Гродна, [email protected], тэл. (80 152) 62−69−93, кантактная асоба — начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Конан Дзяніс Раманавіч) або распрацоўніку праекта ТАА «Амаронпраект» (вул Панямуньская, 9б, оф. 2, Гродна, тэл. (8029) 8 801 099, amaronproekt @mail.ru, кантактная асоба — галоўны інжынер праекта Лукуць Аляксандр Уладзіміравіч).
Вельмі доўгае будаўніцтва
Будаваць корты ў гэтым месцы пачалі яшчэ ў 2010 годзе. Па плане, яны павінны былі стаць першым прыватным спартыўным аб’ектам у Гродна. Таксама тут хацелі пабудаваць кафэ. Калі верыць фатаграфіям «Яндекс.Карты» і Гродзенскага форуму, пляцоўка была цалкам закінута ўжо ў 2011−2012 гадах.
Потым нейкі час пляцоўку выкарыстоўвалі для гонак на картынгах. Апошнія гады яна пустуе. У сакавіку 2022 года на ацэнку кошту недабудаваных тэнісных кортаў планавалі накіраваць 1 тысячу рублёў, а пасля ацэнкі — выставілі на продаж.

Справа зрушылася з мёртвай кропкі
І вось пра корты ў Каложскім парку загаварылі зноў. Аб тым, што праект новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу распрацаваны, паведамляе Гродзенскі гарвыканкам.
Праект уключае ў сябе ўзвядзенне:
- тэнісных і стрытбольных пляцовак,
- гасцявых дамоў,
- навесаў для адпачынку,
- паркоўкі для легкавых аўтамабіляў,
- інжынерных сетак і сістэм ацяплення,
- добраўпарадкавання навакольнай тэрыторыі.

«Асноўная задача праекта — актыўнае выкарыстанне вылучанага ўчастка і яго добраўпарадкаванне, што пазітыўна адаб’ецца на развіцці гарадской інфраструктуры і здаровым ладзе жыцця жыхароў», — паведамляецца ў Telegram-канале Гродзенскага гарвыканкама.
Праўда, не ўдакладняецца, хто будзе займацца ўзвядзеннем новага комплексу — прыватны інвестар, або будаўніцтва будзе ісці за бюджэтныя грошы.