У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць з 2015 года. Колькасць пазбаўленняў бацькоўскіх правоў пачала актыўна расці пасля 2022 года.

За мінулы год колькасць дзяцей, у чыіх бацькоў дзяржава забрала бацькоўскія правы, вырасла ажно на 528 чалавек, паказваюць дадзеныя Белстата. Гэта найбольшы рост за апошнія некалькі гадоў. У 2015 годзе — дзевяць гадоў таму — колькасць такіх дзяцей была 3 382. Да 2017 года гэта лічба расла, а пасля, уключана з 2021 годам, стабільна ішла на спад. Толькі з 2022 года яна зноў пачала расці.

Часцей за ўсё, як і ў папярэднія гады, пазбаўляюцца правоў бацькі малодшых школьнікаў (ад 7 да 10 гадоў) і малых ад 2 да 3 гадоў. У 2024 годзе колькасць пазбаўленняў у гэтых узроставых групах таксама павялічылася, асабліва сярод дзяцей ва ўзросце 7−10 гадоў, дзе колькасць выпадкаў склала 1 047 чалавек. Радзей за ўсё пазбаўляюць правоў бацькоў дзяцей да года. У 2024 годзе такіх дзяцей было 278 — за год іх стала больш на 57.

Часцей пазбаўляюць мужчын

Адпаведна рэзка вырасла і колькасць бацькоў, пазбаўленых правоў. У 2024 годзе гэта было 3 155 чалавек. Часцей за ўсё пазбаўляюць правоў бацькоў ва ўзросце 25−35 гадоў (1 059 чалавек у 2024 годзе) і старэйшых за 41 год. Апошніх было 1 054 чалавекі, і гэта найбольшая колькасць з 2015 года. У 2024 годзе была адна жанчына, маладзейшая за 17 гадоў, пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Мужчын пазбаўляюць бацькоўскіх правоў часцей, чым жанчын.

Дзеці як інструмент ціску ў апошнія гады

У апошнія гады ў Беларусі дзеці часта становяцца інструментам ціску на палітычна «недобранадзейных» бацькоў. Сем'і дзяцей, чые бацькі, або адзін з бацькоў, былі затрыманыя пасля 2020 года, сталі прызнаваць тымі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На камісіях аб прызнанні ў Гродне гучалі фразы аб «няправільным ідэалагічным выхаванні», пастаноўкай на ўлік пагражалі, калі бацькоў прыцягнуць за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. З 1 студзеня 2025 года ўступіла ў сілу новая пастанова Савета Міністраў № 1055, у якой сярод прычын для пазбаўлення бацькоўскіх правоў дададзены артыкулы за «экстрэмізм» і «прапаганду нацызму». Гэтыя змены сталі працягам пашырэння крытэрыяў для прызнання знаходжання сям'і ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія былі ўведзеныя ў снежні 2023 года.

Чытайце таксама: «Гэта хатняя хімія». Што такое СНС, якім уздзейнічаюць на «палітычных»

Наступны крок — пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Іх пазбаўляюць палітвязняў, пакуль тыя знаходзяцца ў зняволенні, а дзяцей забіраюць у прытулкі. Вярнуць дзяцей бывае няпроста.

Чытайце таксама: Былыя акцёры Гродзенскага драмтэатра паставілі спектакль пра досвед дзяцей палітвязняў