Ацалелыя ўчасткі былога ваеннага гарадка на Фолюшы працягваюць распрадаваць. На аўкцыён выставілі былы будынак помпавай станцыі для ачысткі вод. Гродзенец Сяргей распавёў у Facebook, чаму некалі неабходны для гарадскога асяроддзя будынак закінулі.

Пабудову прадаюць за $ 2660

Лот уключае ў сябе капітальны двухпавярховы будынак 1958 года пабудовы агульнай плошчай 25,7 кв.м. Будынак цагляны, унутры — бетонныя падлогі і драўляныя дзверы.

Згодна з умовамі аўкцыёну, пераможца атрымае права арэнды ўчастка тэрмінам на 50 гадоў. Таксама пакупнік абавязаны распрацаваць план мадэрнізацыі і капітальнага рамонту пабудовы.

Аўкцыён адбудзецца 12 снежня, пачатковая сума лота — 8746 руб. ($ 2660).

Старажылы называлі будынак «хларатарнай»

Гродзенец Сяргей адзначае, што будынак захаваўся яшчэ з тых часоў, калі ўвесь Фолюш быў «адной вялікай вайсковай часткай». Сваім назіраннем Сяргей падзяліўся ў Facebook-групе «Гродна».

«Да пабудовы каналізацыйнай помпавай станцыі, якая збірае сцёкі з казармаў і жылых дамоў і перапампоўвае іх на ачышчальныя збудаванні, выкарыстоўваўся метад хларацыі сцёкавых вод. Помпы-дазатары змешвалі сцёкавую ваду з рэагентам і тая паступала ў рэзервуар-адстойнік, які размяшчаўся побач. Пасля вада скідалася ў Ласасянку», — распавядае Сяргей.

Як сцвярджае мужчына, менавіта таму старажылы пачалі называць будынак хларатарнай.

«У 1980 побач была пабудавана класічная КПС [каналізацыйна помпавая станцыя — Hrodna.life] і будынак страціў сваё першапачатковае прызначэнне. Шмат гадоў выкарыстоўваўся як бытавое памяшканне для працаўнікоў КЭЧ [кватэрна-эксплуатацыйная частка — Hrodna.life]. Апошнія 10 гадоў стаіць пустым», — рэзюмуе Сяргей.

Чытайце таксама: