На месцы былых будынкаў медычнай роты на Фолюшы плануюць стварыць парк з кропкамі для адпачынку і заняткаў спортам. Пяць пабудоваў выставілі на аўкцыён, які адбудзецца 18 верасня 2023 года. Адпаведную інфармацыю апублікаваў Гродзенскі аблвыканкам.

На Фолюшы на месцы былой медроты хочуць стварыць парк адпачынку
Будынак былой медычнай роты на Фолюшы. Крыніца: vgr.by

Будынкі на вуліцы Яснапольская, 8 А — Д, плануюць прадаваць паасобку. Цана пабудоваў ад 57,2 да 188,9 тыс. рублёў. Умовы да продажу ўсіх будынкаў адны і тыя ж — стварыць «аб'екты курортна-рэкрэацыйнай, спартовай і турыстычнай інфраструктуры». Там могуць з’явіцца спартовы цэнтр, кропкі з турыстычным абсталяваннем, рэчамі для кемпінгу ці гасцінічныя нумары.

Захаваюць архітэктурныя асаблівасці

Плошча будынкаў ад 500 да 600 кв.м. Іх пабудавалі ў 1916 — 1917 гадах. Паводле дакументаў, яны называюцца «тэрапеўтычнае аддзяленне», «хірургічнае аддзяленне», «будынак склада» і нежылы будынак.

Пакупнік павінен захаваць параметры пабудоваў і не кранаць архітэктурныя і стылістычныя асаблівасці. Праз год ад моманту куплі аб’екта ўладальнік павінен будзе прадаставіць праект рэканструкцыі, а адрэканструяваць і ўвесці ў эксплуатацыю не пазней за тры гады ад моманту набыцця аб’екта

Навошта рэканструяваць будынкі

Паводле праекта забудовы мікрараёна, на Фолюшы плануюць абсталяваць ландшафтна-рэкрэацыйную зону. Будынкі былой медычнай роты павінны стаць часткай будучага парка.

Чытайце таксама: Гой паабяцаў стварыць у новым мікрараёне на Фолюшы «санаторную» атмасферу

Што тут было раней

Раней тут размяшчалася медычная рота шостай механізаванай брыгады. Зараз яна размяшчаецца ў вайсковым гарадку. У медычнай роты былі склады, кухня, лабараторыі, кабінет стаматалогіі. У 2018 годзе для брыгады пабудавалі новы будынак медычнай роты, але ўжо на тэрыторыі новай часткі.

Не ўсе будынкі цалкам закінутыя. У двух будынках памяшканні здаюць у арэнду. У адным займаюцца рамонтам транспартных сродкаў, іншы займае арганізацыя «Адданае сэрца», якая дапамагае бадзяжным жывёлам.

Чытайце таксама: На Фолюшы прадаюць будынкі былых штабоў за менш чым 100 рублёў