Новыя кавярні адкрыюцца ў цэнтры Гродна — на месцы гаражоў ва ўнутраным дворыку былой Адміністрацыі Ленінскага раёна. Пляцоўку на вуліцы Найдуса прадалі з аўкцыёна 25 жніўня 2023 года, паведаміў «Вячэрні Гродна».

Гаражы на Найдуса
Гаражы на Найдуса. Фота: «Вячэрні Гродна».

Ва аўкцыёне прыняў удзел адзін пакупнік. Гэта прадстаўнік гродзенскіх рэстаратараў, якія валодаюць шэрагам установаў у цэнтры Гродна. Ён набыў аб’ект больш чым за 82 тыс. рублёў.

Пасля перабудовы гаражы стануць двухпавярховымі будынкамі. На першым паверсе плануюць размясціць кропкі грамадскага харчавання, на другім — кабінеты з паслугамі. У дворыку плануюць размясціціь летнія тэрасы і актыўнасці. Паводле ўмоваў таргоў, усё гэта трэба зрабіць не пазней, чым праз тры гады з моманту заключэння дамовы.

Замест чыноўнікаў - тусоўшчыкі. У былой адміністрацыі Ленінскага раёна з’явіцца дворык з кафэ
Кафэ на месцы гаражоў. Візуалізацыя Hrodna.life з дапамогай Stable Diffusion

Каму належалі гаражы

Гаражы пабудавалі за домам на Савецкай, 14 у 2004 годзе. Да продажу яны належалі Спецыялізаванай аўтамабільнай гаспадарцы (САГ), частку здавалі ў арэнду.

Куды з’ехала адміністрацыя

Адміністрацыя Ленінскага раёна Гродна пераехала з будынка на Савецкай у 2022 годзе. На новым месцы — Лермантава, 2 — яна заняла тры паверхі. Былы будынак адміністрацыі вырашылі перадаць бізнесу.