У амерыканскай вайсковай акадэміі West Point ускрылі скрыню, якую знайшлі ў траўні 2023 ў час рамонту пастамента пад помнікам Тадэвушу Касцюшку. Ускрыццё транслявалі анлайн на YouTube. Але знойдзенае збянтэжыла і навукоўцаў, і гледачоў.

У траўні 2023 рабочыя разбіралі трэснуты пастамент помніка Тадэвушу Касцюшку на тэрыторыі West Point. Унутры пастамента аказалася схаванай скрынка. Мяркуецца, што гэта капсула часу, закладзеная студэнтамі. Верагодна, яе заклалі пад помнік амаль 200 гадоў таму — у 1829 годзе. Акурат тады акадэмію скончыў Роберт Лі - будучы генерал канфедэратаў у грамадзянскай вайне ў ЗША.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў West Point
Помнік Тадэвушу Касцюшку ў West Point. Скрыншот: The US Military Academy West Point/YouTube
Падмурак помніка Тадэвушу Касцюшку ў West Point. Менавіта ўсярэдзіне яго ў траўні 2023 знайшлі капсулу часу. Скрыншот: The US Military Academy West Point/YouTube
Падмурак помніка Тадэвушу Касцюшку ў West Point. Менавіта ўсярэдзіне яго ў траўні 2023 знайшлі капсулу часу. Скрыншот: The US Military Academy West Point/YouTube
Капсула часу ў 1829 года. Скрыншот: The US Military Academy West Point/YouTube
Капсула часу з 1829 года. Скрыншот: The US Military Academy West Point/YouTube

Капсулу спрабавалі прасвятліць рэнтгенам — але беcпаспяхова, бо яна свінцовая. Тады яе вырашылі публічна ўскрыць.

28 жніўня ў прамым эфіры стала вядома, што капсула… пустая! У ёй толькі знайшліся нейкія ці то фрагменты вапняку, ці то рэшткі пасудзін.

У каментарыях да анлайн-трансляцыі ўскрыцця гледачы выказваюць розныя меркаванні. Адныя пішуць, што кадэты амерыканскай вайсковай вучэльны 200 гадоў таму было проста тролямі, якія хацелі пасмяяцца з нашчадкаў. Іншыя сцвярджаюць, што ў капсуле магла быць зямля з айчыны Касцюшкі.

Навукоўцы працягнуць даследаванні

Навукоўцы плануюць даследаваць тое, што знайшлося ў капсуле, каб зразумець, што гэта магло быць.

«Нам не хочацца думаць, што яны [кадэты] прайшлі ўсе складанасці, каб змясціць скрыню ў помнік і не пакласці ў яе нічога, — сказаў археолаг West Point Пол Хадсан. — Гэта магло быць нешта дробнае і арганічнае, што магло раскласціся на часткі з часам»

Таксама ён паведаміў, што ўдалося разгледзець пячатку вытворцы на скрыні.

«Ён [Тадэвуш Касцюшка] быў не толькі [вайсковым] інжынерам, вайсковым лідарам, рэвалюцыянерам — ён быў усімі імі адначасова. Ён — сапраўдны Джордж Вашынгтон сваёй краіны», — сказаў у час трансляцыі адзін з прадстаўнікоў West Point.

Чытайце таксама: Бондарава хоча сцерці памяць пра Каліноўскага і Касцюшку і ваюе з «Еўраоптам»

Як Тадэвуш Касцюшка звязаны з West Point

Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Генерал арміі Злучаных Штатаў Амерыкі, герой вайны за незалежнасць. Кіраўваў антырасійскім паўстаннем 1795 года. Лічыцца нацыянальным героем Беларусі, Польшчы, ЗША.

Тадэвуш Касцюшка пабудаваў у West Point абарончыя збудаванні, пазней стварыў там сад для адпачынку, які і сёння называецца Kosciuszko’s Garden. Недалёка ад саду і стаіць помнік, у падмурку якога знайшлі капсулу часу.