У Гродне плануюць пабудаваць індустрыяльны парк. Пад яго вылучылі пляцоўку Свабоднай эканамічнай зоны (СЭЗ) «Гроднаінвест» у раёне Аўльса. Зараз адбываецца пошук забудоўшчыка.

Больш за 60 млн рублёў выдаткуюць на будаўніцтва індустрыяльнага парка пад Гродна
Праект парку. Скрыншот прэзентацыйнага роліка

Яму гатовыя заплаціць больш за 62 млн рублёў (больш за € 18 млн). Крыніца фінансавання: сродкі рэспубліканскага бюджэта — 60%, сродкі фонда развіцця СЭЗ «Гроднаінвест» — 40%.

На будаўніцтва адводзіцца два гады.

Амаль 60 млн рублёў выдаткуюць на будаўніча-мантажныя працы. Яшчэ два млн — на закупку абсталявання.

Што з’явіцца ў парку

Праект індустрыяльнага парка ўключае ў сябе бізнес-цэнтр плошчай да 3000 кв.м., выставачныя павільёны і вытворчыя будынкі пад розныя задачы інвестара. Аб’екты плануюць забяспечыць усёй неабходнай інфраструктурай.

Парк плануюць пабудаваць у раёне Аўльса, насупраць новага шклозавода. Парк павінен заняць тэрыторыю плошчай 13 га.

Што такое індустрыяльны парк

Індустрыяльны парк «Гродна» — комплекс будынкаў для хуткага размяшчэння ўніверсальных вытворчасцяў і офісаў. Падобную пляцоўку будуць будаваць у Гродзенскай вобласці ўпершыню.