Будынкі былой адміністрацыі Ленінскага раёна ў Гродне выставілі на аўкцыён. Пачатковая цана аб’ектаў - амаль 8,5 млн рублёў ($ 2.6 млн). Новы уладальнік мусіць за два гады распрацаваць праект капітальнага рамонта і максімум за чатыры гады выканаць працы па мадэрнізацыі.

Аўкцыён адбудзецца 28 лістапада 2023 года на электроннай гандлёвай пляцоўцы «Беларускай універсальнай біржы».

Былую адміністрацыю Ленінскага раёна выставілі на аўкцыён: колькі хочуць за два дамы ў цэнтры Гродна
Будынак былой адміністрацыі Ленінскага раёнаю Фота: Hrdona.life

Што за будынкі і дзе яны знаходзіцца

Трохпавярховыя будынкі былой адміністрацыі размяшчаюцца на вуліцы Савецкай, № 10 і № 14. Плошча аднаго памяшкання — амаль 1850 кв.м., другога — больш за 2300 кв. м. Там ёсць сутарэнні, праведзены камунікацыі, ёсць пляцоўка для смеццевых кантэйнераў. Тэрыторыя двара агароджана, ёсць дрэвы і пешаходныя сцежкі.

Будынак — гісторыка-культурная каштоўнасць. Таму падчас распрацоўкі праектнай дакументацыі трэба ўлічваць рэгламенты праекта зоны аховы, а праект узгадніць з Міністэрствам культуры. У будучыні памяшканні плануюць здаваць у арэнду — пад гандаль ці грамадскае харчаванне.

Таксама ва ўнутраным дворыку былой адміністрацыі плануюць адкрыць кавярні. Іх хочуць размясціць на месцы гаражоў. Пляцоўку прадалі з аўкцыёна ў жніўні 2023 года.

Чытайце таксама: Замест чыноўнікаў - тусоўшчыкі. У былой адміністрацыі Ленінскага раёна з’явіцца дворык з кафэ

Куды з’ехала адміністрацыя

У красавіку 2022 года адміністрацыя Ленінінскага раёна Гродна з’ехала на новы адрас — Лермантава, 2. Раней там размяшчаўся Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама. Перанесці адміністрацыю з вуліцы Савецкай было одным з абяцанняў былога старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя.

Што ў гэтым будынку было раней

Будынак на Савецкай, 10 пабудавалі ў 1795 годзе. У пачатку XX стагоддзя там была кніжная крама, потым — натарыяльная кантора, аптэка, кватэры з крамамі і пякарня. Пасля Другой сусветнай вайны другі паверх займалі партыйныя кабінеты, а на першым была кандытарская. У 1970 годзе дах будынка пад вагой снегу абрынуўся, спатрэбіўся капітальны рамонт. Пазней там працавала крама «Тканіны», а ў пачатку 90-х гадоў - рэдакцыя незалежнай газеты «Пагоня».

На Савецкай, 14 у XVI стагоддзі пабудавалі касцёл і шпіталь Святога Духа на фундуш каралевы Боны Сфорцы. Пазней у будынку размяшчаліся гатэль «Славянскі», гатэль «Гандлёвы», нямецкі вайсковы пансіянат «Стары сябра», а таксама выканкам Ленінскага раёна Гродна.