Трое дзяўчат у Гродне шпіталізавалі ў бальніцу хуткай дапамогі з сонечнымі апёкамі пасля няўдалага загару. Дзве з іх атрымалі апёкі 1-2-й ступені на пляжы, трэцяя – апёк 2-й ступені ў паходзе. Сонечныя апёкі ствараюць перадумовы для развіцця меланомы, расказаў урач Гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

Адна з пацярпелых хадзіла ў паход з пятніцы па нядзелю, была ў ценю, тым не менш атрымала сонечныя апёкі твару, шыі і зоны дэкальтэ другой ступені. З’явіліся бурбалкі і лушчэнні, якія запатрабавалі інфузійнай тэрапіі і дэсенсібілізацыі, расказаў урач-хірург Гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Андрэй Аслаўскі. Дзяўчына правяла ў шпіталі тыдзень.

Яшчэ дзве пацярпелыя заснулі на пляжы на Нёмане. Ім дыягнаставалі апёкі 1-2 ступені з паразай скуры спіны, грудзей, жывата.

Чытайце таксама: Як ратавацца ад спёкі: карысныя парады для сонечнага надвор’я

Сонечныя апёкі павышаюць рызыку развіцця раку

Сонечныя апёкі, як і іншыя, правакуюць змены фармату скуры, на цэлы год мяняюцца яе марфалагічныя структуры, расказаў урач. На працягу гэтага года з’яўляецца высокая рызыка развіцця захворванняў скуры, у 3-4 разы павялічваецца рызыка развіцця анкалагічных захворванняў.

Як зразумець, што час выклікаць хуткую?

Праз спёку гродзенцы выклікаюць хуткую дапамогу з прыпынкаў, з крамаў, з пляжаў, расказалі напярэдадні на канале “Беларусь 4”. Людзі страчваюць прытомнасць, паскараецца пульс, некаторым ставяць дыягназ “цеплавы ўдар”. Часцей за ўсё звяртаюцца людзі сталага веку, з хранічнымі захворваннямі і людзі, якія прытрымліваюцца строгіх дыет ці недастаткова паелі. Першыя прыкметы нядужання – галавакружэнне, пачашчэнне сэрцабіцця, дыхавіца, цяжар за грудзінай, радзей могуць быць курчы. Пасля – страта прытомнасці.

У людзей з хранічнымі захворваннямі могуць здарацца інфаркты, інсульты, пры падзенні ад страты прытомнасці могуць быць траўмы галавы. За апошнія дні хуткая зафіксавала 10 выпадкаў страты прытомнасці і цеплавых удараў.

Першая дапамога

Пры цеплавым удары чалавека неабходна змясціць у прахалоднае месца, у цень. Калі ён у прытомнасці – даць папіць прахалоднай, але не ледзяной вады. Трэба намачыць любую тканіну прахалоднай вадой і пакласці на галаву або на ўчасткі цела, дзе сасуды падыходзяць бліжэй за ўсё да паверхні скуры: локцевыя згіны, шыя, пахвінная вобласць.

Чытайце таксама: Легкае адзенне, чыстая вада і карысная ежа. Як дапамагчы дзіцяці перанесці спёку