Рэканструкцыя коннага бою XVII стагоддзя, дударскі батл і шатландская пяхота – усё гэта будзе на фестывалі “Крэва на скрыжалях часу” 15 чэрвеня. Фэст у Крэве прысвечаны 465-годдзю атрымання ім Магдэбургскага права ў 1559 годзе.
Свята адкрыюць маршам ганаровай Крэўскай варты, на вартаўнічай вежы ўздымуць харугву, чакае тэатралізаваны паказ “Здарэнне на вежы”, піша БелТА са спасылкай на Смаргонскі райвыканкам.
Галоўнай падзеяй фестывалю ў Крэве стане рэканструкцыя коннай бітвы XVII стагоддзя. У ёй прымуць удзел рэканструктары з Мінска, Бабруйска, Брэста і мясцовы клуб “Крэўскія гайдукі”. Госці змогуць убачыць, як воіны спаборнічаюць у майстэрстве валодання пікамі і шаблямі, а таксама даведацца пра мясцовую пароду коней, з якой была выведзена беларуская запражная парода.
На фестывалі прадставяць традыцыйныя касцюмы XVII стагоддзя, зброевыя комплексы таго часу, чакаюць паказальныя выступы клубаў рэканструктараў, музычныя спаборніцтвы дудароў і канцэрты традыцыйных калектываў. Акрамя таго, госці змогуць наведаць кірмаш рамеснікаў, фотазону,
паўдзельнічаць у танцах, песнях і дзіцячых гульнях.
У замкавым двары размесцяць часовую выставу з фондаў Смаргонскага музея, прысвечаную гісторыі аграгарадка Крэва і Крэўскага замка з моманту яго ўзвядзення ў XIV стагоддзі да сённяшніх дзён. Экспазіцыю дапоўняць узорамі кафлі XV-XVII стагоддзяў, фрагментамі шкляных вырабаў і посуду, знойдзенымі падчас раскопак.
Праграма фестывалю
12.00 – тэатралізаванае адкрыццё фестывалю. Штурм Вартавой вежы на Юравай гары;
12.30 – парад удзельнікаў;
13.00 – “Крэўская дэфіляда” – паказ традыцыйных касцюмаў XVII ст.;
13.15 – “Шкоты ў Крэва” – паказальнае выступленне шатландскай пяхоты;
13.30 – адкрыццё выставы ў замку;
14.00 – конны турнір;
15.00 – “Залатая шабля” – турнір па валоданні традыцыйнай шабляй;
16.00 – “Дударскі батл” – паказальнае спаборніцтва музыкаў-дудараў;
17.00 – “Крэўская бітва” – галоўная баталія фестывалю.
На працягу праграмы – выступы музычных калектываў “Хмяльны вір”, “Тотэн дэнс”, “Арацэя”.
Дзе: Гродзенская вобласць, Смаргонскі раён, аграгарадок Крэва, Крэўскі замак.
Калі: 15 чэрвеня, 12.00-18.00.
Квіткі: 10 руб. для дарослых, 5 руб. дзецям 7-17 гадоў.
Чытайце таксама: У Крэўскім замку раскапалі трэцюю вежу. Але не ўсе гісторыкі ўзрадаваліся (абноўлена)



