У Гродне плануюць прадаць права арэнды трох участкаў у Пышках, побач са Сцежкай здароўя. Аўкцыён адбудзецца 11 чэрвеня 2024 года, паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.

У Пышках прадаюць месцы пад летнія кафэ. У афармленні нельга выкарыстоўваць рытуальную атрыбутыку
Кафэ “Пышкі”. Крыніца: gcn.by

Агулам на аўкцыён выставілі тры пляцоўкі побач з “Гродназелянбудам” па адрасе бульвар Ленінскага камсамола, 56 (на скрыжыванні Сцежкі здароўя і БЛК). Паводле ўмоваў там павінны адкрыцца аб’екты грамадскага харчавання. 

Першая пляцоўка – плошчай 49 кв.м. Пачатковая цана права арэнды – 217,6 рубля. Другая – плошчай 42,8 кв.м, з пачатковай цаной 190 рублёў, трэцяя – плошчай 42,9 кв.м, з пачатковай цаной 190,5 рубля. На кожную пляцоўку прапануюць права заключэння дамовы арэнды на тры гады. 

Недалёка ад участкаў размяшчаецца аўтобусны прыпынак “Гродназелянбуд”, а таксама каток і крыты футбольны манеж. Там ужо працуе кафэ “Пышкі”, у мінулым сезоне стаяў фудтрак з трдзельнікамі.

У афармленні не будзе рытуальнай атрыбутыкі

Паводле ўмоваў аўкцыёна пры размяшчэнні аб’екта харчавання забаронена:

  • зносіць зялёныя насаджэнні; 
  • наносіць дэкаратыўныя плёнкі на паверхню ашклянення, акрамя месца для рэкламы; 
  • выкарыстоўваць рытуальную атрыбутыку пры афармленні, 
  • наносіць шкоду фасадам будынкаў, якія размяшчаюцца побач. 

Таксама новыя ўладальнікі аб’ектаў павінны забяспечыць эстэтычны знешні выгляд, прадугледзець мерапрыемствы для людзей з інваліднасцю, атрымаць дазвол для функцыявання аб’екта, а таксама прадугледзець размяшчэнне прыбіральняў.

Чытайце таксама: У Пышках пабудуюць яшчэ адну гасцініцу: апарт-гатэль на 15 нумароў з кафэ