Трохпавярховы гатэль з’явіцца на вуліцы Фестывальнай недалёка ад Гродзенскага лясгаса, побач з уваходам у лесапарк Пышкі. Цяпер праект выставілі на грамадскія абмеркаванні.

Гэта будзе невялікі будынак агульнай плошчай памяшканняў каля 800 кв.м. Побач зробяць паркоўку на 10 машын, газоны і кветнікі. Прадугледжаны ўрны, лаўкі і велапаркоўкі. Інвестар абяцае стварыць безбар’ернае асяроддзе ўнутры і звонку будынка. Судзячы па візуалізацыях, на першым паверсе можа з’явіцца кафэ.

Хто пабудуе гатэль у Пышках

Гатэль пабудуе гродзенская фірма «АСТОСТРОЙ». Яна ўжо пабудавала раён таунхаусаў паміж Грандзічамі і Забалаццю. Таксама, мяркуючы па інфармацыі з адкрытых крыніц, фірма валодае гандлёвым цэнтрам «Ветразь» у Альшанцы і яшчэ некаторай камерцыйнай нерухомасцю ў Гродне.

Таунхаусы ў Гродне ад ТАА "Астострой" паміж Забалаццю і Грандзічамі
Таунхаусы ад ТАА «Астострой» паміж Забалаццю і Грандзічамі

У Пышках ужо ёсць адна гасцініца з рэстаранам. Гэта «Кронан Парк Гатэль», вядомы сваёй люксавасцю. Новы гатэль павінен быць бліжэй да эканом-класа.

Глядзіце таксама:

Грамадскія абмеркаванні

Грамадскія абмеркаванні праекта новага гатэля пройдуць з 10.11.2023 па 24.11.2023. Прэзентацыя праекта пройдзе 16.11.2023 у 15.00 у кабінеце 1 (1 паверх) будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама (пл. Антонія Тызенгаўза, 3). Аб тым, як падаць заўвагі і прапановы, можна даведацца на сайце гарвыканкама.