Баржу «Галера», якая была прышвартавана да левага берага Нёмана, адбуксіравалі ў бяспечнае месца. Яе ўладальніка яшчэ летась прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што ён не выканаў патрабаванні інспекцыі рачнога суднаходства і не адбуксіраваў баржу, паведаміла пракуратура Гродзенскай вобласці.

На баржы «Галера» у сярэдзіне 2000-х гадоў размяшчаўся рэстаран на вадзе. У 2011 годзе рэстаран закрылі, а судна заставалася прышвартаваным да левага берагу Нёмана ў цэнтры Гродна.

Пазней уладальнік судна адбуксіраваў яго да прычала на вуліцы Партовай у Гродне. Там яно было прышвартавана больш за пяць гадоў. Але знаходжанне баржы ў гэтым месцы забаронена, бо месца не прызначана для стаянкі судоў. Побач знаходзіцца аўтадарожны мост, таксама швартоўку забараняюць знакі.





Уладальніку выносілі папярэджанні
Намеснік пракурора Гродзенскай вобласці папярэджваў уладальніка судна пра недапушчальнасць парушэння Правілаў плавання па ўнутраных водных шляхах Беларусі. У лістападзе 2022 года спецыялісты Беларускай інспекцыі рачнога суднаходства прадпісалі адбуксіраваць баржу да 1 траўня 2023 года. Але з-за таго, што прадпісанне не выканалі, уладальніка судна прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.
У выніку «Галеру» у красавіку 2024 года адбуксіравалі ў бяспечнае для суднаходства месца.
Чытайце таксама: Па Нёмане з «Вольгай Соламавай». Як вінтажны цеплаход катаў гродзенцаў на дачы, у Друскенікі і проста па рацэ