Новы “VIP bar” адкрыўся на завулку Дзяржынскага, 8А, у раёне Дома культуры “Цветліт”. Установа прапануе кальяны, сушы, пляцоўку для мангала і опцыю з безлімітным алкаголем.
Бар займае будынак былога таксапарку. Раней там быў рэстаран “Парнас”, зараз у тым жа будынку працуе цэнтр дзіцячага развіцця “Эдэльвейс”.
Прастора ўстановы падзелена на дзве зоны: з барам і танцпляцам і са столікамі і канапамі. З забаў ёсць настольныя гульні, камплекты для гульні ў “Мафію”, бывае жывая музыка.


У меню прапануюць ролы з мідыямі, кальмарамі, крабам, курыцай, тунцом і ласосем – запечаныя або ў тэмпуры. Ёсць чатыры віды халодных ролаў, міні-ролы. Кошт – ад 12,5 да 20,4 руб. за порцыю звычайных ролаў і 7,9-12,3 руб. за міні. Вялікія сэты ролаў каштуюць 35,6-66,3 руб. Сушы гатуюць на месцы, можна замовіць і з дастаўкай да 4:00 раніцы. Кошт кальянаў – 25 руб. На бары ёсць варыянт “безліміт” – заплаціць адзін раз за вечар 40 рублёў і піць алкаголь без абмежаванняў, піша Newgrodno. Яшчэ адна незвычайная прапанова – ахвочым бар прадаставіць пляцоўку, дзе можна самому пасмажыць шашлык. Праўда, мангал і мяса патрэбны свае.
Бар адкрыты толькі з чацвярга па нядзелю. Па чацвяргах і нядзелях ён працуе з 18:00 да 04:00, па пятніцах і суботах – з 18:00 да 06:00.






Да нядаўняга часу ў гэтым месцы працаваў “HIP bar”. У сакавіку бар выставілі на продаж як гатовы бізнес. Тады за яго хацелі 90 тыс. рублёў ($27,4 тыс.). Прычынай продажу стала адсутнасць сродкаў для далейшага развіцця. Новы ўладальнік знайшоўся хутка, але ў інтэр’еры нічога не мяняў.
Чытайце таксама: У цэнтры Гродна адкрыўся яшчэ адзін караоке-бар: там можна і заспяваць, і пад’есці


