Даўно пусты будынак на Савецкай, 1 — дваровы флігель — нарэшце рэканструююць. Там ужо хацелі адчыніць рэстаран у 2020 годзе, але нешта пайшло не так.

У будынак можна патрапіць праз арку ў двары. Праект прадугледжвае рэканструкцыю некалькіх нежылых памяшканняў, лесвічнай клеткі і гарышча. Пасля гэтага там з’явіцца грамадскае харчаванне і гатэль.

Будынак уваходзіць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «2» (нацыянальнай значнасці) — «Забудова вул. Савецкай».

Будынак на Савецкай, 1 з боку плошчы Савецкай.
Будынак на Савецкай, 1 з боку плошчы Савецкай. Фота: Яндэкс.Карты
від на будынак, які рэканструююць, з боку дома Мураўёва, 2023 год
Від на будынак, які рэканструююць, з боку дома Мураўёва, 2023 год. Фота: Яндэкс.Карты

Дом падключаць да электрасеткі, вадаправода, каналізацыі, падвядуць сувязь і ацяпленне. Пасля будаўнічых работ адновяць і прылеглую тэрыторыю.

У рамках праекту плануюць:

  • умацаваць існыя падмуркі;
  • дэмантаваць старыя драўляныя перакрыцці, перагародкі, лесвічныя клеткі і пакрыццё падлогі;
  • прабіць новыя і закласці старыя праёмы, выдаліць старое ўнутранае аздабленне;
  • уладкаваць новае маналітнае перакрыцце і эвакуацыйныя лесвічныя клеткі;
  • адрамантаваць вонкавае аздабленне будынка, узнавіўшы яго гістарычны выгляд, і прывесці яго ў адпаведнасць з архітэктурным стылем суседніх будынкаў.
Размяшчэнне флігеля на Савецкай, 1
Размяшчэнне флігеля на Савецкай, 1. Крыніца: grodno.gov.by

Грамадскія абмеркаванні справаздачы па ацэнцы ўздзеяння работ на навакольнае асяроддзе (АУНА) пройдуць у красавіку-траўні 2024 года. Сход па абмеркаванні справаздачы аб АУНА арганізуюць у траўні-чэрвені, пасля дапрацуюць праект па атрыманых заўвагах. Рашэнне аб планаванай дзейнасці прымуць у чэрвені-ліпені 2024 года. Падрабязнасцяў праекту пакуль няма.

Чатыры гады таму ўжо спрабавалі адкрыць рэстаран

Раней у дворыку на Савецкай, 1, дзе стаіць будынак, працавала галерэя «Крыга», па нядзелях праходзілі традыцыйныя беларускія танцы. У 2020 годзе там ужо планавалі адкрыць кропку грамадскага харчавання. Гэта павінны быў быць рэстаран усходняй кухні з абедзеннай залай на 30 чалавек і барнай стойкай (43 кв.м.) на першым паверсе і банкетнай залай на 8 чалавек (39 кв.м.) на другім. Тады дом належаў фірме «ДемсаГрупп», на той момант уладальнікам студыі вэб-дызайну DG і крам адзення Istanbul Fashion House. Зараз фірме належаць рэстараны Pablo і «Поляна City».

Двор на Савецкай, 1 у Гродне - будынак злева рэканструююць
Двор на Савецкай, 1 у 2017 годзе. Будынак, які збіраюцца рэканструяваць — злева. Фота з архіву Hrodna.life

З іншага боку будынка размяшчаецца праход да дома Мураўёва, у якім з 2021 года пасля рэканструкцыі працуе рэстаран гродзенскага бізнесмена Станіслава Сямашкі.