Арганізатары штогадовага забега па цэнтральных вуліцах горада «Гарадзенская вандроўка» прадставілі дызайн медаля фінішара на 2024 год. На ім выявілі караля Стэфана Баторыя.

Медаль фінішара — гэта ўзнагарода, якую атрымлівае кожны, хто прабег заяўленую дыстанцыю.

«На гэты раз на адваротным баку намаляваны вялікі воін і кіраўнік — Стэфан Баторый. Магутная постаць караля і рашучы погляд — сімвалізуюць сілу, цягавітаць і рашучасць дасягаць пастаўленых мэт», — патлумачылі арганізатары на старонцы забегу ў Instagram.

Гродзенцам спадабаўся дызайн

Пад пастом з выявай медаля падпісанты пакідаюць станоўчыя каментары: «Вельмі прыгожы медаль. Сапраўды стараецеся над дызайнам» — «Каралеўскі горад піярыць свайго караля!» — «Якая ж файная».

Калі адбудзецца «Гарадзенская вандроўка»

У 2024 годзе забег адбудзецца 16 чэрвеня на дыстанцыі пяць і 10 кіламетраў. Таксама будзе дзіцячы забег. Жадаючыя прыняць удзел ужо могуць зарэгістравацца. Станам на 23 лютага на «вандроўку» зарэгістраваліся 400 чалавек, сярод іх жыхары Беларусі, Расіі і Латвіі.

Летась на «Гарадзенскую вандроўку» зарэгістравалася каля 500 чалавек. Забег па гістарычным цэнтры Гродна і ваколіцах праходзіць з 2017 года.

Чытайце таксама: У Гродне паўраспранутыя людзі бегалі па снезе ўздоўж Нёмана: глядзіце, як прайшоў «ЗакалФэст»