Ніводзін праект, пададзены на конкурс ідэй для добраўпарадкавання набярэжнай Нёмана, не адпавядаў умовам конкурса. Пра гэта паведамілі на сумесным стрыме старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Хмеля і старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка.

Паводле словаў Хмеля, у конкурсе прыняла ўдзел шмат людзей [гродзенцы прыслалі 23 ідэі - Hrodna.life]. Камісія, якая разглядала працы, вырашыла, што ніводны праект не адпавядае ўмовам. Але варыянты, якія даслалі гродзенцы, плануюць закласці ў аснову праектавання набярэжнай. Яе плануюць адкрыць да 900-годдзя Гродна ў 2028 годзе.

Пераможцам абяцалі грошы

Конкурс праектаў па добраўпарадкаванні набярэжнай Нёмана пачалі ў верасні 2023 года. Паводле плана, добраўпарадкаваць плануюць два берагі Нёмана. Правы — ад Новага моста да чыгуначнага моста — 2,5 км. Левы — ад порта да Старога моста — больш за 500 м.

Тры самыя папулярныя ідэі, якія прапаноўвалі гродзенцы:

  • экасцежка, якая аб’ядноўвае бераг, ваду і выспу;
  • арганізацыя пешаходнага моста праз Нёман, каб звязаць два берагі;
  • стварэнне амфітэатра.

Пераможцам конкурсу абяцалі грашовыя ўзнагароды: за першае месца звычайныя грамадзяне маглі атрымаць 6000 рублёў, студэнты і навучэнцы — 7000 рублёў, а праектыроўшчыкі, архітэктары, дызайнеры — 9000 рублёў.

Верагодна, што грашовыя ўзнагароды ніхто не атрымае, але варыянты праектаў закладуць у аснову праектавання.

Чытайце таксама: Экасцежка, амфітэатр і гульнявы замак на выспе. Як гродзенцы бачаць добраўпарадкаванне набярэжнай Нёмана

Што з набярэжнай у Гродне зараз?

Telegram-канал Urban Hrodna вылучыў найбольш актуальныя праблемы гродзенскай набярэжнай:

  • практычна няма лавачак, каб адпачыць;
  • няма зручных спускаў да вады;
  • тусавацца на набярэжную прыязджаюць (гараджанам гэта важна!), але на машынах, гэта робіць прастору небяспечнай;
  • летам няма ценю;
  • нявыкарыстаныя схілы. Там можна было б зрабіць тэрасныя спускі з лавачкамі, ландшафтныя кампазіцыі з раслін, летнія сцэны і шмат чаго яшчэ;
  • няма грамадскіх прыбіральняў;
  • не вылучаны веладарожкі;
  • мог бы быць фудкорт, але яго няма;
  • частка набярэжнай на вул. Рыбацкай наогул ніяк не ўладкована нават для людзей, што там жывуць — пабіты асфальт, ямы, пыл.

Частку набярэжнай у рамках свайго праекта плануюць уладкаваць новыя ўладальнікі піўзавода. Тэрыторыя не будзе агароджана, як зараз, будзе спуск да ракі.

Праект быў - грошай не было

Праект добраўпарадкавання набярэжнай ад вусця Гараднічанкі да Новага моста даўно распрацаваны ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект», пісаў архітэктар Аляксандр Штэн у 2019 годзе. Адна з прычын, чаму ён не быў рэалізаваны — недахоп грошай у бюджэце.

Чытайце таксама: Грамадскія грылі, выхад да ракі, няма машын: гродзенец прыдумаў, як ажывіць набярэжную Нёмана