Аблвыканкам Гродна аб’явіў конкурс праектаў па добраўпарадкаванні набярэжнай Нёмана. Прапаноў чакаюць не толькі ад прафесійных архітэктараў, але і ад звычайных жыхароў горада.

Удзельнікі павінны паказаць свае варыянты архітэктурнай канцэпцыі таго, як павінна выглядаць набярэжная Нёмана. Конкурс назвалі «Злучаючы мосты і берагі». Яго правядуць па трох намінацыях:

  • прафесіяналы;
  • навучэнцы;
  • грамадзяне.

Ацэньваць працы будуць паводле некалькіх крытэрыяў. Сярод іх арыгінальнасць ідэі, выкарыстанне сучасных тэхналогій, асартымент раслін, тое, як праект будзе спалучацца з суседнімі тэрыторыямі і магчымасць усесезоннага выкарыстання набярэжнай.

Заяўкі і конкурсныя матэрыялы можна падаць у камітэт па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама да 1 лістапада на e-mail: naberezhnaya.grodno23@gmail.com. Найлепшым працам у кожнай з намінацый абяцаюць «самавітыя грашовыя прызы».

Аб тым, што плануецца шукаць праекціроўшчыка для адрэзка набярэжнай ад Старога да Новага моста праз конкурс, паведамлялі яшчэ ў лютым 2023 года. Гарадскія ўлады разлічваюць, што прыгожая добраўпарадкаваная набярэжная з’явіцца ў Гродне праз пяць гадоў, да 900-годдзя Гродна.

Што з набярэжнай зараз?

Telegram-канал Urban Hrodna вылучыў найбольш актуальныя праблемы:

  • практычна няма лавачак, каб адпачыць;
  • няма зручных спускаў да вады;
  • тусавацца на набярэжную прыязджаюць (гараджанам гэта важна!), але на машынах, гэта робіць прастору небяспечнай;
  • летам няма ценю;
  • нявыкарыстаныя схілы. Там можна было б зрабіць тэрасныя спускі з лавачкамі, ландшафтныя кампазіцыі з раслін, летнія сцэны і шмат чаго яшчэ;
  • няма грамадскіх прыбіральняў;
  • не вылучаны веладарожкі;
  • мог бы быць фудкорт, але яго няма;
  • частка набярэжнай на вул. Рыбацкай наогул ніяк не ўладкована нават для людзей, што там жывуць — пабіты асфальт, ямы, пыл.

Частку набярэжнай у рамках свайго праекта плануюць уладкаваць новыя ўладальнікі піўзавода. Тэрыторыя не будзе агароджана, як зараз, будзе спуск да ракі.

Так будзе выглядаць спуск да Нёмана ад піўзавода.
Так будзе выглядаць спуск да Нёмана. Фота: «Гродзенская праўда»

Праект быў - грошай не было

Праект добраўпарадкавання набярэжнай ад вусця Гараднічанкі да Новага моста даўно распрацаваны ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект», пісаў у лісце да Hrodna.life архітэктар Аляксандр Штэн у 2019 годзе. Адна з прычын, чаму ён не рэалізаваны — у бюджэте няма для гэтага грошай.

Чытайце таксама: Грамадскія грылі, выхад да ракі, няма машын: гродзенец прыдумаў, як ажывіць набярэжную Нёмана