Веламарафон «Суседзі» пройдзе на Аўгустоўскім канале 22−24 ліпеня 2022 года. Гэтым разам да веласпаборніцтваў далучылі бегавыя. Замест ліквідаванага ўладамі «ВелоГродно» марафон арганізоўвае грамадскае аб’яднанне «СК Run4Fun» і Гродзенскі райвыканкам.

Веламарафон "Суседзі - 2019". Фота: Hrodna.life
Веламарафон «Суседзі - 2019». Фота: Hrodna.life

Калі адбудуцца спаборніцтвы

Месца старта арганізуюць на тэрыторыі шлюза Дамброўка. Там жа будзе размяшчацца лагер для ўдзельнікаў марафона.

Веласіпедныя спаборніцтвы пачнуцца 23 ліпеня ў 11:00. Можна паўдзельнічаць у:

  • дзіцячым велазаездзе (да 6 гадоў) 200 м
  • міні-марафоне (10 км)
  • фіт-марафоне (23 км)
  • паўмарафоне (40 км)
  • марафоне (80 км)
  • камандных спаборніцтвах

Бегавыя спаборніцтвы пачнуцца 23 ліпеня ў 17:30. Будзе пяць відаў спаборніцтваў:

  • дзіцячае (да 12 гадоў) 1 км
  • 5 км
  • 10 км
  • паўмарафон 21 км
  • камандныя спаборніцтвы

Прыняць удзел у марафоне можа любы ахвотны. Да 16 ліпеня трэба зарэгістравацца. Азнаёміцца з рэгламентам веламарафона можна тут.

Палякі і літоўцы могуць не прыехаць

Да арганізацыі веламарафона ў гэтым годзе далучыліся спартоўцы з грамадскага аб’яднання «Run4Fun». Такі саўдзел дазволіць «упрыгожыць марафон, пашырыць яго, а таксама падзяліцца вопытам», сказаў Hrodna.life галоўны суддзя веласіпедных дысцыплінаў Іван Найдзёнаў.

«У сувязі з сітуацыяй, якая склалася, ёсць верагоднасць, што польскія і літоўскія спартоўцы ў гэтым годзе не прыедуць. Магчыма, з Расіі прыедуць. За першы дзень ужо зарэгістраваліся восем чалавек», — сказаў Іван Найдзёнаў.

У 2022 годзе змяніліся арганізатары веламарафона

Раней веламарафон «Суседзі» арганізоўвала грамадскае аб’яднанне раварыстаў «ВелаГродна». Летам 2021 года ўлады ліквідавалі арганізацыю. На марафоне «Суседзі 2022» з папярэдняй каманды арганізатараў і валанцёраў будзе «тры-чатыры чалавекі», расказала Hrodna.life былая прадстаўніца «ВелаГродна» Юлія Каляда.

Сама Юлія ў арганізацыі веламарафона ў гэтым годзе не ўдзельнічае. Таксама яна яшчэ не вырашыла ці паедзе як удзельніца спаборніцтваў.

«Арганізатары аматарскіх мерапрыемстваў гэта „фанаты“ спорта, у добрым сэнсе. Яны бяруцца за арганізацыю ад любові да справы, а не па ўказцы. Марафон адбудзецца толькі таму, што такія людзі не могуць жыць без прыгодаў, азарту, прасоўвання важных для іх каштоўнасцей. „Лепш ці горш“ [арганізуюць мерапрыемства — заўв. Hrodna.life] гэта адзнака, прычым папярэдняя. Упэўнена, новая каманда арганізатараў правядзе марафон годна», — сказала Юлія Каляда.

Што такое веламарафон «Суседзі»

Веламарафон «Суседзі» — штогадовы міжанарожны фестываль. Яго арганізоўваюць на Аўгустоўскім канале веласіпедысты Гродна з 2011 года. У 2020 і 2021 годзе марафон не праводзілі. Прычына — неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя.

Чытайце таксама: «Хто будзе адстойваць правы раварыстаў?» Улады хочуць ліквідаваць «ВелаГродна», з якім раней супрацоўнічалі