Адноўлены алтар «Бічаванне Пана Езуса» ўрачыста адкрылі ў кафедральным саборы святога Францішка Ксаверыя ў Гродне 11 лютага. Гэта быў найбольш пашкоджаны з усіх алтароў касцёла: каб яго адрэстаўраваць, давялося разбіраць усю канструкцыю цалкам.

Алтар быў сур’ёзна пашкоджаны, піша grodnensis.by. У час Другой сусветнай вайны з правага боку святыні выбіла вокны, з гэтай прычыны ўнутр трапляла вільгаць і дрэва падгніло. Таму ў ходзе рэстаўрацыі давялося поўнасцю разабраць алтар, чаго не рабілі з папярэднімі. Усе яго часткі былі сабраны нанова, некаторыя элементы заменены. Жывапіс алтара аднаўляў гродзенскі мастак-рэстаўратар Уладзімір Кіслы.

Наступным будзе адноўлены алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі - працы ўжо пачаліся.

У Фарным касцёле 13 алтароў, з іх 12 драўляных. Большасць былі выкананы ў XVIII стагоддзі. Аднаўленні алтароў пачаліся пасля пажару, які здарыўся ў касцёле ў 2006 годзе. Гэтак у 2018 годзе скончылі рэстаўрацыю алтара Маці Божай Разарыя. У планах пробашча касцёла Яна Кучынскага — аднавіць усе алтары ў храме.