Пасля 2,5 гадоў рэстаўрацыйных работ у Фарным касцёле ўрачыста адкрылі чарговы алтар, які быў усталяваны ў пачатку 18 стагодзя.

Адкрыццё алтара Маці Божай святога Разарыя прашло падчас урачыстасцей, прысвечаных цудатворнаму абразу Маці Божай Кангрэгацкай. Алтар рэстаўравалі на працягу 2,5 гадоў, дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Польшчы, прыхаджан і мясцовых фундатараў.

Гэта адзін алтар з чатырох, якія былі ў касцёле амаль з заснавання ў 1709 годзе. Ствараліся яны па замове ў Кенігсбергу (Калінінградзе). У 1727 яны былі пазалочаныя. Так алтары стаялі некранутымі да 19 стагоддзя, пакуль іх не пакрылі фарбамі. Менавіта ў такім выглядзе іх маглі бачыць у касцёле яшчэ некалькі гадоў таму.

«На алтары мы выпадкова выявілі пазалоту і прынялі рашэнне аднавіць яе, — распавядае пробашч Фарнага касцёла ксёндз Ян Кучынскі. — Праца праходзіла ў некалькі этапаў. Першы — даследаванне стану алтара, другі - ачыстка ад старой афарбоўкі, аднаўленне і замена некаторых элементаў. Наступны этап прадугледжваў пазалачэнне ўсіх дэталяў і скульптур. Пасля ўсіх прац, алтары сталі выглядаюць так, як гэта было 300 гадоў таму. І мы нічога новага не зрабілі, а толькі ўзнавілі што было страчана на працягу стагоддзяў».
«Узнавілі, што было страчана». У Фарным касцёле адкрылі пасля рэстаўрацыі чарговы алтар
Пры езуітах алтар меў іншую назву, але калі яны з’ехалі з Гродна, то з касцёла Святога Духа быў перанесены ў Фарны касцёл абраз Маці Божай святога Разарыя. Менавіта з таго час ён так і называецца.

Ян Кучынскі таксама распавёў, што падчас рэстаўрацыйных работ майстры знайшлі подпісы і старыя кнігі, якія калісьці былі закінутыя за алтар.

«Калі-небудзь мы адкрыем уласны музей і пакажам гэтыя знаходкі там. Яны вельмі добра захаваліся. Калі не памыляюся, там ёсць кніга нават 1560-х гадоў. У адной з калон таксама знайшлі надпіс майстра, які мелам напісаў сваё імя, прозвішча, 1709 год і горад Кенігсберг. Мы атрымалі „ліст“ з мінулага і таму вырашылі адправіць нешта у будучыню — флэшку з інфармацыяй і сучаснымі фатаграфіямі».