На Камунальнай, за стадыёнам «Нёман», з’явіцца квартал з 16 двухпавярховых таунхаусаў. Іх пабудуюць на былой тэрыторыі першага гродзенскага мясакамбіната. Мяркуючы па апублікаваным плане, як мінімум частку будынкаў знясуць.
Будаўніцтва плануюць пачаць ужо ў 2024 годзе. Гэта будзе жытло клубнага тыпу. Плошча кожнага дома складзе да 130 кв. м, перад домам будзе невялікі ўчастак зямлі. Забудоўваць квартал плануюць у еўрапейскім стылі, піша NewGrodno. Папярэдне, кошт жылля ў гэтым квартале складзе каля $ 1 тыс.
Месца — былая гарадская разня
Плошча ўчастка на вуліцы Камунальнай, за стадыёнам «Нёман» — 1,32 га. У пачатку ХХ стагоддзя тут была гарадская рэзня — мясакамбінат. З яе пачалася гісторыя прамысловай перапрацоўкі мяса ў Гродне. Самы стары будынак — склад 1912 года, плошчай амаль 2,5 тыс. кв.м. Большасць пабудоў ужо савецкага часу. Ёсць вежа і басейн (тэхнічны вадаём) у 218 кв.м з бетонным дном. З 1970-х мясакамбінат пераехаў, і пабудовы перасталі выкарыстоўваць па прызначэнні.
Па ўмовах продажу гэтай тэрыторыі трэба правесці рэканструкцыю нерухомасці і пабудаваць тут жылую сядзібную забудову гарадскога тыпу. Дазволена збудаваць і асобныя аб’екты абслугоўвання — крамы, офісы, кабінеты з паслугамі. Але, мяркуючы па апублікаваным забудоўшчыкам плане, як мінімум частку будынкаў, у тым ліку стары склад, знясуць.
Чым вядомыя забудоўшчык і аўтар праекта
Праект квартала распрацоўвае фірма «АртПроПроект» — аўтары праекта гандлёвага цэнтра на Кляцкова каля Triniti і іншых.
Участак на Камунальнай прадавалі з 2019 года. У выніку разам з 16 пабудовамі яго выкупіла фірма «Астострой» за 570 150 руб. ($ 180 тыс.) у жніўні 2023 года. Кошт ад першапачатковага знізіўся ўдвая. Некаторыя будынкі прадавалі з дзейнымі дагаворамі арэнды, максімальны тэрмін — да верасня 2025 года.
«Астострой» — забудоўшчык таўнхаусаў у раёне вуліцы Старамалышчанскай у мікрараёне Забалаць.
Чытайце таксама: У Пышках пабудуюць яшчэ адну гасцініцу: апарт-гатэль на 15 нумароў з кафэ