Беларусаў абавязалі паведамляць чыноўнікам пра наяўнасць ў іх другога грамадзянства, замежнага віда на жыхарства ці «карты паляка». Пакуль за непаведамленне такой інфармацыі адказнасці няма, але хутка гэта выправяць, паабяцаў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун. Адпаведныя дакументы плануюць распрацаваць ужо ў 2024 годзе, сказаў ён у эфіры АНТ.

«Прадстаўнікі пагранічнай службы і органы ўнутраных спраў пастаянна фіксуюць, калі грамадзяне з-за пэўных абставін, непамятлівасці або нежадання наогул паведамляць пра гэта, не хочуць інфармаваць кампетэнтныя органы аб наяўнасці замежнага грамадзянства», — заявіў Бягун.

Гэта не з’яўляецца правапарушэннем, але «кампетэнтныя органы пра гэта думаюць». У МУС «прапрацоўваюць» пытанне аб увядзенні адказнасці за неданясенне аб замежных дакументах.

Увядуць адміністрацыйную адказнасць

«Абавязак інфармавання ёсць, частка законапаслухмяных грамадзян выканала гэты абавязак, а хтосьці думае застацца ў баку або не паведаміць пра гэта. У любым выпадку, стагоддзе сучасных тэхналогій, стагоддзе татальнага кантролю ў пэўных кропках за асобай — гэта дастаткова лёгка выяўляецца. Калі яны думаюць, што пазбягаюць неабходнасці апавяшчаць нашы кампетэнтныя органы аб наяўнасці замежнага грамадзянства, то яны вельмі глыбока памыляюцца. Калі будзе адпаведная адказнасць — грамадзяне будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці», — паабяцаў Аляксей Бягун.

Пры гэтым у Расіі, дзе таксама існуе такі абавязак, за паўторнае неінфармаванне ўведзена крымінальная адказнасць, адзначыў ён.

Барацьба з замежнымі дакументамі

Наяўнасць замежнага ВНЖ на выездзе з Беларусі выбарачна пачалі правяраць яшчэ ў траўні 2023 года. Пытанні задавалі тым, у каго ў пашпарце не было дзейнай візы. Пазней людзей з ВНЖ сталі выклікаць на «гутаркі» з супрацоўнікамі ўнутраных органаў у цывільным і правяраць змесціва іх тэлефонаў проста на мяжы пры вяртанні ў краіну. На некаторых дзяржпрадпрыемствах на супрацоўнікаў сталі ціснуць, каб тыя адмаўляліся ад «карты паляка».

Паведаміць аб атрыманні замежных дакументаў трэба было да 10 кастрычніка. Па звестках МУС на 13 верасня аб сваіх дакументах расказалі больш за 6,5 тысяч чалавек. Сілавікі казалі, што інфармацыя патрэбна для статыстыкі аб мабільнасці грамадзян, для фарміравання міграцыйнай палітыкі і для выканання заканадаўства, якое забараняе займаць некаторыя дзяржаўныя пасады асобам з замежным грамадзянствам або ВНЖ.

У кастрычніку на беларускай мяжы памежнікі на выездзе пачалі выбарачна правяраць пастаноўку на ўлік у МУС віду на жыхарства або пашпарты іншай краіны.

Як паведаміць пра замежны ВНЖ

Папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве» — пра неабходнасць беларусаў інфармаваць улады аб сваіх дакументах, атрыманых за мяжой або ад іншай дзяржавы, якія забяспечваюць якія-небудзь перавагі - набылі моц з 11 ліпеня 2023 года.

Даць інфармацыю пра замежны дакумент трэба адным са спосабаў:

  • размясціць яе ў электронным выглядзе ў асабістым кабінеце адзінага партала электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (далей — ААІС) на platform.gov.by;
  • пры асабістым звароце заяўніка непасрэдна ў орган унутраных спраў або орган дыпламатычнай службы па месцы знаходжання заяўніка;
  • праз дзяржаўную адзіную (інтэграваную) рэспубліканскую інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб;
  • пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці ўнясення інфармацыі аб замежных дакументах такім спосабам дапускаецца яе накіраванне ў органы дыпламатычнай службы па электроннай пошце ў даменным імені mfa.gov.by;
  • праз накіраванне пісьмовага звароту грамадзяніна ў орган унутраных спраў або орган дыпламатычнай службы.