Папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве» — пра неабходнасць беларусаў інфармаваць улады аб сваіх замежных дакументах — уступілі ў сілу з 11 ліпеня. МУС выпусціла інструкцыю аб тым, як менавіта гэта трэба рабіць. Яна тычыцца як грамадзян, якія пастаянна жывуць у Беларусі, так і тых, хто жыве за мяжой.

Гаворка пра любыя дакументы, атрыманыя за мяжой або ад іншай дзяржавы, якія могуць забяспечыць якія-небудзь ільготы або перавагі: замежнае грамадзянства, від на жыхарства іншай краіны, «карта паляка» і падобнае. Інструкцыю апублікавалі на Нацыянальным прававым партале 8 жніўня. Адказнасць за неапавяшчэнне пакуль не прапісана.

Даць інфармацыю пра замежны дакумент трэба адным са спосабаў:

  • размясціць яе ў электронным выглядзе ў асабістым кабінеце адзінага партала электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (далей — ААІС) на platform.gov.by;
  • пры асабістым звароце заяўніка непасрэдна ў орган унутраных спраў або орган дыпламатычнай службы па месцы знаходжання заяўніка;
  • праз дзяржаўную адзіную (інтэграваную) рэспубліканскую інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб;
  • пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці ўнясення інфармацыі аб замежных дакументах такім спосабам дапускаецца яе накіраванне ў органы дыпламатычнай службы па электроннай пошце ў даменным імені mfa.gov.by;
  • праз накіраванне пісьмовага звароту грамадзяніна ў орган унутраных спраў або орган дыпламатычнай службы.

Інфармацыю пра дакументы непаўналетніх уладам павінны перадаваць іх бацькі або законныя прадстаўнікі. Паведамляць трэба ў тым ліку і аб працягу дакументаў, напрыклад, віду на жыхарства, і аб завяршэнні іх дзеяння.

Інструкцыя ўступіла ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання. У дадатках знаходзяцца ўзоры апавяшчэнняў на беларускай і рускай мове.

Раней у МУС паабяцалі пакуль паназіраць, наколькі «актыўна і законапаслухмяна» беларусы будуць апавяшчаць органы ўнутраных спраў пра свае замежныя дакументы.

Такія дакументы ўжо і так шукаюць

Увесну 2023 года на беларускай мяжы памежнікі пачалі фатаграфаваць віды на жыхарства і іншыя дакументы, якія дазваляюць уезд у Еўразвяз. Пазней людзей з відамі на жыхарства сталі выклікаць на «гутаркі» з супрацоўнікамі ўнутраных органаў у цывільным і правяраць змесціва іх тэлефонаў — проста на мяжы. Таксама праваабаронцы паведамлялі аб выпадках, калі падчас такіх допытаў на мяжы супрацоўнікі КДБ пераконвалі адмовіцца ад «карты паляка».

Праблемы праз «карту паляка»

Адзін з дакументаў, пра якія ідзе гаворка — «карта паляка». Польшча пачала выдаваць іх грамадзянам былых савецкіх рэспублік з 2008 года (з 2019 карту можа атрымаць грамадзянін любой краіны свету). У Беларусі польскія консульствы выдалі каля 160 тысяч «карт паляка». «Карта паляка» пацвярджае прыналежнасць да польскага народа і дае шэраг ільгот у Польшчы. У сувязі з геаграфічным становішчам і гісторыяй у Гродзенскай вобласці «карта паляка» — не рэдкасць.

У Беларусі ўжо пачалі з ёю змагацца. Чыноўнікі і дэпутаты парламента не раз казалі, што дакумент павінен быць у Беларусі забаронены, а яго ўладальнікі - абмежаваныя ў правах.

У траўні 2023 г. уладальнікаў карт паляка, якія працуюць ва ўстановах адукацыі Ліды пачалі выклікаць да начальства і патрабаваць адмовіцца ад карты, пагражаючы звальненнем. Таксама ўладальнікам карты паляка абяцалі, што яны могуць і не марыць пра прасоўванне па кар’ернай лесвіцы.

У ліпені 2023 супрацоўнікі КДБ пачалі прыходзіць на «Гродна Азот» і выклікаць на размовы ўладальнікаў карты. Ім прапаноўвалі афіцыйна вярнуць дакумент у консульства альбо аддаць яго ў рукі супрацоўніку КДБ. Пазней іх выклікалі, каб удакладніць, ці прынялі яны прапанову. На «Гродна Азот» ужо больш за дзесяць чалавек такім чынам здалі свае «карты паляка».