На «Гродна Азот» прыходзяць супрацоўнікі КДБ і выклікаюць да сябе ўладальнікаў карты паляка. Іх прымушаюць пазбавіцца дакумента. Яго можна аддаць наўпрост у рукі КДБшніка, паведаміла «Наша Ніва».

Супрацоўнікаў “Азота” прымушаюць пазбавіцца карты паляка
Карта паляка. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: wiadomosci.onet.pl

На ўласнікаў карты паляка ціснуць не ўпершыню

Раней на «Гродна Азот» супрацоўнікам ужо рабілі такую ж прапанову. Цяпер іх выклікаюць, каб удакладніць, ці прынялі яны прапанову і гатовыя адмовіцца ад дакумента.

«Быў нейкі перыяд, калі пачало здавацца, што цікавасць да ўладальнікаў карты паляка знікла. Нейкі час, наколькі мне вядома, нікога не цягалі па гэтым пытанні. Некаторыя нават спадзяваліся, што на тыя размовы, дзе прымушалі адмовіцца ад карты, выклікалі дзеля птушачкі, — сказаў „Нашай Ніве“ чалавек, знаёмы з сітуацыяй у адміністрацыі на „Гродна Азот“. — Насамрэч выйшла, што яны проста далі нейкі час, каб людзі маглі вызначыцца і зрабіць „правільны выбар“».

Можна здаць карту наўпрост КДБшніку

Паводле «Нашай Нівы», на слова азотаўцам не вераць. Яны павінны прынесці доказы, што хадзілі ў консульства і здалі дакумент афіцыйна. Калі такіх доказаў няма, то супрацоўніку робяць апошняе папярэджанне і прапануюць здаць карту гасцям з КДБ.

На «Гродна Азот» ужо больш за дзесяць чалавек такім чынам здалі свае карты паляка.

Карту паляка можна аднавіць

Калі карту паляка не вяртаць у консульства, а здаць супрацоўніку КДБ, то ў чалавека будзе магчымасць аднавіць дакумент у будучыні. Напрыклад, спаслаўшыся на тое, што ён згубіў карту.