Прыватную афтальмалагічную клініку «Новы зрок» пазбавілі ліцэнзіі. З 28 ліпеня 2023 года ёй забаронена медычная дзейнасці і дзейнасць, звязаная са зваротам наркатычных і псіхатропных рэчываў. У сувязі з гэтым клініка сыходзіць з рынку Беларусі, паведамілі на сайце клінікі.

Клініку “Новы зрок” пазбавілі ліцэнзіі: яна закрываецца і цалкам сыходзіць з рынку Беларусі
Будынак у якім размяшчалася клініка «Новы зрок» у Гродне. Крыніца: eyes.by

Клініку пазбавілі ліцэнзіі за «нібыта дапушчаныя 13 гадоў таму ліцэнзійныя патрабаванні пры падачы дакументаў», напісалі на сайце «Новага зроку».

Што адбылося

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю нібыта выявіў падробныя дакументы з несапраўднымі звесткамі аб адказных асобах, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве.

«З мэтай увядзення ў зман таксама выкарыстоўваліся дакументы аб памяшканнях і медыцынскіх вырабах, якія не адпавядалі рэчаіснасці, аформленыя на юрыдычную асобу да яе стварэння і рэгістрацыі», — паведамілі ў Telegram-канале Міністэрства аховы здароўя.

У красавіку 2023 года супраць уладальніка «Новага зроку» і чатырох яго супрацоўнікаў завялі крымінальную справу за нібыта «заробкі ў канвертах».

«Новы зрок» працаваў у Гродне 18 гадоў

Клініка «Новы зрок» з’явілася ў Беларусі ў 1999 годзе. Цяперашную юрасобу зарэгістравалі ў 2011 годзе. Сетка працавала амаль ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. Філіял у Гродне адкрыўся ў 2005 годзе і стаў першым цэнтрам сеткі па-за Мінскам. Аддзяленне размяшчалася на вуліцы Сацыялістычнай, 32.

Пад брэндам «Новы зрок» працуюць таксама афтальмалагічныя цэнтры ў іншых краінах, між іншым у Літве.

Чытайце таксама: Амаль 500 лекараў не хапае ў бальніцах і паліклініках Гродзенскай вобласці